Прысягаю табе любоў, вернасць і сужэнскую павагу
Такія словы за святаром паўтараюць нарачоныя падчас заключэння шлюбу ў касцёле. Пра падрыхтоўку да гэтага сакраманту карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч гутарыць з пробашчам парафіі Езуса Міласэрнага ксяндзом-дэканам Паўлам Самсонавым.

— Бог стварыў мужчыну і жанчыну па сваім абліччы і падабенстве і паклікаў іх перадаваць наступным пакаленням новае жыццё як плён узаемнай любові сужэнцаў і як праяўленне любові Бога-Творцы, — гаварыў ксёндз Павел. — Рашэнне ўзяць шлюб — гэта адказ на Божае пакліканне. Шлюб мае вартасць тады, калі заключаецца свядома і добраахвотна. Пры ўступленні ў яго, мужчына і жанчына атрымліваюць Божую ласку для належнага выканання сужэнскіх абавязкаў, а асабліва для годнага выхавання патомства.
Аднаго пачуцця закаханасці для заключэння шлюбу недастаткова. Эмоцыі і пачуцці мяняюцца, і чалавек можа апынуцца ў сітуацыі, калі рашэнне аб шлюбе было прынята неабдумана. Касцельны (царкоўны) шлюб варта заключаць не дзеля прыгожых фотаздымкаў, не як даніну модзе ці таму, што так захацелі бацькі маладых. У першую чаргу павінна быць гатоўнасць жыць не толькі для сябе, але і для іншага чалавека, прабачаць і любіць бескарысліва да канца жыцця.
— Ксёндз Павел, што трэба, каб атрымаць сакрамант сужэнства ў касцёле?
— Звярнуцца да ксяндза-пробашча не пазней чым за тры месяцы да запланаванай даты. Заключыць шлюб могуць як маладыя нарачоныя (тыя, хто толькі стварае сям’ю), так і тыя пары, што жывуць у грамадзянскім саюзе, аформленым у ЗАГСе, і не адважваліся прыйсці да алтара Пана раней. Для атрымання сакраманту сужэнства ў касцёле трэба прайсці спецыяльную перадшлюбную падрыхтоўку (дакладную інфармацыю дае ксёндз-пробашч парафіі).
— Перадшлюбная падрыхтоўка — важны этап. Трэба ўсвядоміць, якую вялікую адказнасць кожны прымае на сябе, выбіраючы ролю жонкі/мужа, маці/бацькі. Таксама гэта час, калі нарачоныя павінны размаўляць на тэмы, прадугледжаныя перадшлюбнай катэхезай. Калі жаніх і нявеста жывуць у розных гарадах і не маюць магчымасці рыхтавацца разам, то могуць праходзіць катэхезу асобна. Але пажадана, каб сустрэчы ў сямейнай кансультацыі ўсё ж такі наведвалі разам.
— Сакрамант сужэнства можа быць удзелены ў пятніцу?
— Удзяленне сакраманту сужэнства ў каталіцкім касцёле можа адбывацца кожны дзень, акрамя Вялікай пятніцы і Вялікай суботы. Аднак зразумела, што вельмі рэдка шлюб адбываецца без гучнага вяселля. Пятніца — дзень, калі Езус памёр на крыжы за кожнага з нас, каб даць нам жыццё вечнае. На ўспамін пра гэтыя збаўчыя здарэнні Касцёл устанавіў пятніцу днём пакуты і пакаяння, пра што запісана ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла і ў Кодэксе Кананічнага Права. Таму ладзіць забавы ў гэты дзень нельга, а проста павянчацца — магчыма.
— Калі адзін з сужэнцаў праваслаўнай канфесіі, то ён пасля шлюбу аўтаматычна пераходзіць у каталіцтва?
— Не. Каб стаць католікам, трэба мець жаданне прайсці адпаведную падрыхтоўку (катэхезу). Абрад пераходу адбываецца асобна ад працэдуры заключэння шлюбу. У прысутнасці святара асоба, якая пажадала перайсці ў каталіцтва, чытае вызнанне веры, пасля чаго ставіць подпіс і атрымлівае благаслаўленне на новы шлях жыцця.
— У якіх выпадках святар можа адмовіць ва ўдзяленні сакраманту сужэнства?
— Перашкодамі для прыняцця сакраманту сужэнства з’яўляюцца некаторыя спецыфічныя характарыстыкі асобы, якая хоча шлюбавацца, а таксама пэўныя абставіны, якія не дазваляюць заключыць саюз. Напрыклад, шлюб немагчымы паміж сваякамі, а таксама людзьмі, якія ўжо шлюбаваліся і іх шлюб да гэтага часу дзейнічае. Атрымаць сакрамант сужэнства немагчыма пад прымусам.