Па тэлефоне і асабіста
Рабіць добрыя справы — гэта стыль жыцця валанцёраў цімураўскага атрада «Сікораўцы» Варапаеўскай сярэдняй школы. Яны заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу кожнаму, хто мае ў ёй патрэбу. Як толькі стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя «Ад усёй душы», сікораўцы падхапілі ініцыятыву. Найперш тэлефанавалі пажылым, віншавалі з Новым годам і Калядамі, а таксама прапаноўвалі свае паслугі.
Многія пажылыя, засцерагаючыся ад небяспекі падхапіць вірус, ад прамых кантактаў адмаўляліся. Але валанцёрам было важна данесці адзінокім, што побач ёсць тыя, хто гатовы ў любы час паклапаціцца пра іх. 82-гадовая жыхарка гарпасёлка Галіна Мікалаеўна Кейзік, якая пражывае адна, юных сікораўцаў прыняла гасцінна: запрасіла на чай і прысмакі. Валанцёры Ульяна Казаровец, Кіра Зябчанка і Марыя Шакола ўручылі ёй падарункі, зробленыя сваімі рукамі. Размова ў шчырай абстаноўцы была цікавай.
Настаўнікі школы пастаянна імкнуцца наладжваць адносіны паміж моладдзю і пажылымі, што дае магчымасць маладым папаўняць веды па гісторыі роднага краю, пераймаць ад пажылых жыццёвы вопыт і мудрасць.
Анна Анішкевіч