Не давярайце, а правярайце
18 чэрвеня 2022 года жыхарка Пастаў знайшла ў сацыяльнай сетцы Instagram інтэрнэт-магазін Cocon.Belarus, які прадаваў розную мэблю. Жанчына выбрала на сайце магазіна тое, што ёй было неабходна, і там жа, у Instagram, звязалася з прадаўцом. У працэсе перапіскі дамовіліся пра суму аплаты за тавар у памеры 550 рублёў. Грошы пакупніца пералічыла на карт-рахунак, які адправіў ёй прадавец. І як толькі зрабіла гэта, сувязь з ім абарвалася. Ці варта гаварыць, што па цяперашні дзень мэблю пастаўчанка так і не атрымала? Не вернуты ёй і заплачаныя за яе грошы.
Пра гэты выпадак мне расказаў старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Дзмітрый Кузьміч, дадаўшы, што падчас праверкі магазіна было ўстаноўлена больш за 30 фактаў махлярскіх дзеянняў з яго боку. Пацярпелыя выяўлены па ўсёй Беларусі.
— Зараз вельмі лёгка праверыць у інтэрнэце ўсе магазіны, — працягваў ён. — Для гэтага трэба набраць яго назву ў пошукавым радку ў браўзеры, і ў вас з’явяцца водзывы, пакінутыя іншымі пакупнікамі. Альбо магазін можа фігурыраваць у артыкуле, апублікаваным у сродках масавай інфармацыі, спасылку на які выдасць пошукавік. Таму раю: перш чым купляць нейкі тавар у інтэрнэце, праверце прадаўца, наколькі гэта магчыма. І старайцеся не ўносіць перадаплату, а разлічвацца за пакупку непасрэдна пры яе атрыманні.
Па словах Дзмітрыя, аналагічныя схемы падману даверлівых грамадзян працуюць не толькі ў Instagram, але і ў іншых сацсетках: «Одноклассники», «ВКонтакте» і да т. п., на пляцоўцы аб’яў «Куфар». Нярэдка тавары «прадаюць» фізічныя асобы, чые тэлефонныя нумары і карт-рахункі фармальна аформлены на іншых людзей. Яны могуць адправіць пакупніку і пашпартныя даныя, узятыя ў інтэрнэце. Праверыць такіх асоб таксама няцяжка, набраўшы ў пошукавіку імя і прозвішча прадаўца. Або можна пашукаць яго акаўнт у сацыяльнай сетцы і паглядзець, як ён там падпісаны.
Ахвярай наступнай распаўсюджанай схемы разводу стаў жыхар вёскі Андроны. 7 кастрычніка мінулага года яму ў месенджары Viber паступіў званок з беларускага нумара. Той, хто тэлефанаваў, прадставіўся супрацоўнікам службы бяспекі банка і патлумачыў, што на імя мужчыны нехта спрабуе аформіць у Мінску ў Прыорбанку крэдыт. А для таго, каб гэтага пазбегнуць, параіў вяскоўцу ўстанавіць на мабільны тэлефон дадатак для хуткага аддаленага доступу AnyDesk, а затым самому аформіць у найбліжэйшым аддзяленні любога банка крэдыт на суму 4 тысячы рублёў.
Мужчына не паленаваўся ў той жа дзень паехаць у Паставы і ўсё зрабіў так, як яму сказалі. Пры гэтым ён пастаянна знаходзіўся на сувязі з махляром, які кіраваў яго дзеяннямі (усяго было зроблена больш за 50 званкоў). І як толькі названая вышэй сума паступіла на рахунак крэдытаатрымальніка, махляры з дапамогай праграмы AnyDesk зайшлі ў яго мабільны дадатак М-банкінг і адтуль перавялі грошы на свой разліковы рахунак.
— Існуе некалькі варыянтаў гэтай схемы, — гаварыў Дзмітрый Кузьміч. — Тэлефанаваць і ўгаворваць узяць крэдыт могуць «супрацоўнікі» міліцыі або Следчага камітэта. Як правіла, яны просяць дапамагчы органам выявіць такім чынам несумленнага работніка банка. Таксама махляры могуць папрасіць уласнаручна перавесці грошы на іх карт-рахунак. У сувязі з гэтым хачу яшчэ раз нагадаць, што ні адзін банкаўскі работнік, прадстаўнік Следчага камітэта ці Міністэрства ўнутраных спраў не будзе звязвацца з вамі ў месенджары і прасіць штосьці рабіць. Не стануць яны і ўдакладняць рэквізіты вашай банкаўскай карты. Усе пытанні вырашаюцца непасрэдна ў аддзяленні банка ці міліцыі. Калі ж вам паступіў такі званок, як мага хутчэй закончыце размову і пакладзіце трубку, а потым самі патэлефануйце ў службу бяспекі банка і ўдакладніце, ці афармляўся на вас крэдыт. Нумары тэлефонаў ёсць на адваротным баку банкаўскіх карт.
Усяго за 2022 год ахвярамі інтэрнэт-махляроў на Пастаўшчыне сталі больш за 20 чалавек.
З іх толькі пяцярым праваахоўнікі змаглі дапамагчы вярнуць грошы (у такіх выпадках дзейнічалі не прафесіяналы, а аматары, якія захацелі падзарабіць на «Куфары»). Астатнія злачынствы застаюцца нераскрытымі, як і пераважная большасць здзейсненых у папярэднія гады. Сёлета зарэгістраваны ўжо 2 факты махлярства ў сетцы Інтэрнэт, у выніку якіх пацярпелі жыхары нашага раёна.
Дык, можа, хопіць нам быць даверлівымі і пачаць уключаць крытычнае мысленне?
Алена Шапавалава