Годна прадставілі цэнтр
Сувеніры ручной работы на тэму Каляд і Новага года, зробленыя ў Пастаўскім ТЦСАН, ахвотна набывалі ўсе, хто пабываў на выставе-кірмашы, якая прайшла ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.
— Да выставы мы дасканала падрыхтаваліся, — расказвала дырэктар ТЦСАН Марыя Ракоўская. — Загадзя прадумалі, што прапануем на кірмашы. Распрацавалі эскізы, падабралі матэрыял. Вырабам сувенірнай прадукцыі займаліся наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для пажылых і інвалідаў, а дапамагалі ім у гэтым кіраўнікі гурткоў і спецыялісты ТЦСАН. Дзякуючы іх таленту, фантазіі, карпатлівай працы, мы змаглі годна прадставіць наш тэрытарыяльны цэнтр на выставе такога высокага ўзроўню.
Акрамя Марыі Ракоўскай, на выставе пабывалі загадчыца аддзялення для інвалідаў Вольга Гінько, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Наталля Койра і кіраўнік гуртка Кацярына Янушонак. Яны прадстаўлялі і рэалізоўвалі калядныя вянкі, чароўныя чырвоныя чаравічкі з тканіны, мяккія цацкі, шкатулкі.
Пакупнікамі сувенірнай прадукцыі былі ў асноўным работнікі міністэрства і тыя, хто заходзіў туды па нейкіх справах. Яны адзначалі арыгінальнасць вырабаў пастаўчан.
— Удзел у выставе-кірмашы — выдатная магчымасць для рэалізацыі прадукцыі і папаўнення пазабюджэтнага рахунку, — гаварыла Вольга Гінько. — Мы паглядзелі на прэзентацыі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з іншых раёнаў, штосьці пачэрпнулі для сябе. Вярнуліся з пазітыўнымі эмоцыямі і новымі ідэямі.
Анна Анішкевіч. Фота даслаў ТЦСАН