Людзі запатрабаванай прафесііых работнікаў дырэктар Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марыя Ракоўская.
— Работнікі сацыяльнай абароны аказваюць дапамогу і падтрымку пенсіянерам, інвалідам, адзінокім жыхарам, — гаварыла Марыя Юр’еўна. — Бяруцца за гэта многія, а вось застаюцца ў прафесіі толькі шчодрыя на душэўную дабрыню, спагадлівасць і самаахвярнасць. Іх праца для большасці з нас малазаўважная, а тыя, хто яе выбраў, звычайна людзі сціплыя. Яны штодня годна нясуць сваю службу, ахінаючы падапечных увагай, дорачы ім цеплыню сэрцаў і клопат.
Пастаўскі ТЦСАН — самы буйны ў вобласці: у яго структуры 8 аддзяленняў. Найбольш запатрабаваныя — паслугі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома: комплексным абслугоўваннем ахоплена 1 035 чалавек. Расшырылася практыка аказання непрацаздольным грамадзянам паслугі сядзелкі. У мінулым годзе яе атрымалі 42 чалавекі. 16 сем’яў скарысталіся паслугай няні.
Шмат наведвальнікаў бывае ў пастаўскім і лынтупскім аддзяленнях дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Тут працуюць розныя гурткі і клубы па інтарэсах. У рамках Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце-2030» праводзяцца спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Актывізавалі работу валанцёрскія цэнтры. 36 валанцёраў сярэбранага ўзросту дастаўляюць адзінокім, хворым прадукты, лякарствы, гатуюць суп і разносяць тым, каму самастойна гэта зрабіць складана. Не змаўкае тэлефон у кантакт-цэнтры. Яго спецыялісты абзвоньваюць адзінокіх, каб даведацца пра іх патрэбы, і тыя тэлефануюць у цэнтр таксама.
Кіпіць жыццё ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў. Больш за 60 чалавек у трох рэабілітацыйна-працоўных майстэрнях набываюць працоўныя навыкі. Аддзяленнем сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі за мінулы год паслуга сацыяльнага патранату аказана 90 сем’ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. 18 чалавекам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, — паслуга па суправаджэнні. У лынтупскім і пастаўскім аддзяленнях кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пражываюць 49 чалавек.
За мінулы год паступленні ад пазабюджэтнай дзейнасці ТЦСАН склалі больш за 227 тысяч рублёў, у тым ліку ад рэалізацыі сувенірнай прадукцыі — 25 тысяч рублёў. Бязвыплатнай дапамогі паступіла на суму 97 997 рублёў, у тым ліку 42 502 — замежнай у рамках рэалізацыі гуманітарных праектаў. Паміж Пастаўскім ТЦСАН і міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемадапамога» заключаны дагавор на рэалізацыю гуманітарнага праекта «Аказанне сацыяльна-бытавой падтрымкі ахвярам нацызму» ў рамках праграмы падтрымкі «Месца сустрэчы: дыялог». Праект разлічаны на 2 гады, сума гранта — 30 тысяч еўра. Ужо паступіла 10 тысяч еўра. Для аказання сацыяльна-бытавой падтрымкі грамадзянам пажылога ўзросту на частку сумы набыта бочка-лазня, пральна-сушыльная машына, акустычная калонка. Закупка тавараў і матэрыялаў працягваецца.
Пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама калектыў ТЦСАН праводзіць значную работу па развіцці новых відаў сацыяльных паслуг. У хуткім часе ў Варапаеве будзе адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.
— У мінулым годзе мы дасягнулі нядрэнных вынікаў, — рэзюмавала Марыя Ракоўская. — І ўдалося гэта дзякуючы зладжанай рабоце кожнага. У сацыяльнай сферы няма абсалютна аднолькавых сітуацый. Наш калектыў лёгка арганізаваць на любую справу. Мэтанакіраванасць усіх маіх калег паказвае, што няма такіх задач, якія немагчыма выканаць, патрэбна толькі знайсці нестандартнае рашэнне. У цэнтры працуе як моладзь, так і прадстаўнікі старэйшага пакалення.
За добрасумленную працу ў сістэме сацыяльнай абароны, высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі па сацыяльным абслугоўванні насельніцтва, узорнае выкананне службовых абавязкаў многія работнікі ТЦСАН на ўрачыстым сходзе, прысвечаным прафесійнаму святу, атрымалі ўзнагароды.
Анна Анішкевіч