У лідарах рынку
Пастаўскі малочны завод у ліку 43-х найлепшых прадпрыемстваў краіны ўдастоены прэстыжнай прэміі «Лідар спажывецкага рынку-2022».
Гэта прэмія зацверджана Агенцтвам камунікацый «Медыя Партнёр» пры падтрымцы Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, бізнес-асацыяцый і СМІ. Прэтэндаваць на яе могуць як прыватныя, так і дзяржаўныя прадпрыемствы. Лаўрэатаў вызначае экспертны савет, у які ўваходзяць вядучыя прадстаўнікі бізнес-таварыстваў, профільных міністэрстваў, мас-медыя і навукі.
Сёння лідар — гэта той, хто нават у няпростых умовах вядзе за сабой іншых, не толькі захоўваючы стабільнасць, але і развіваючыся. Менавіта такім з’яўляецца калектыў Пастаўскага малочнага завода. А капілка яго ўзнагарод папаўняецца з года ў год.
З нашай вобласці прэмія прысуджана толькі тром прадпрыемствам: ААТ «Пастаўскі малочны завод», «Віцебскі маслаэкстракцыйны завод» (найбуйнейшы ў Беларусі вытворца нерафінаванага алею) і Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне». Тут варта ўзгадаць, што лідарам спажывецкага рынку наш завод да гэтага прызнаваўся ў 2017 і ў 2019 гадах.За высокі прафесіяналізм, кампетэнтнасць і эфектыўнае кіраванне прадпрыемствам Дыпломам узнагароджаны дырэктар завода Канстанцін Гайлеўскі.
Уладальнікі прэстыжнай прэміі атрымалі магчымасць абазначыць сваю прадукцыю спецыяльным знакам «Лідар-2022». Гэта ромб чырвонага колеру, стылізаваны пад элементы нацыянальнага арнаменту. Ён сімвалізуе беларускае паходжанне тавару і яго высокую якасць.
Фаіна Касаткіна