На пад’ездзе да Пастаўскага філіяла абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблпаліва» сустракаю ЗІЛ-130, гружаны шчапанымі бярозавымі дрывамі. На тэрыторыі самога прадпрыемства ляжаць штабялі бярозы, вольхі, асіны, чуецца гул бензапіл. Дырэктар філіяла Аляксандр Саковіч запэўнівае, што дрывамі і брыкетам тут гатовы забяспечыць усіх. Галоўнае, каб спажыўцы паліва самі не стваралі чэргаў.
— Мы загадзя запісваем жадаючых, — тлумачыў мне Аляксандр Міраслававіч. — Акрамя насельніцтва, цвёрдыя віды паліва пастаўляем прадпрыемствам і арганізацыям раёна, якія яго выкарыстоўваюць. Гэта ў асноўным установы аховы здароўя, культуры, адукацыі. Калі падыходзіць чарга, адпраўляем пісьмы-запрашэнні, тэлефануем і паведамляем пра дзень, калі можна забраць ад нас дровы ці брыкет. Аднак многія ў вызначаны дзень не з’яўляюцца. Тады выклікаем наступных па спісе грамадзян. Здараецца, што ў адзін дзень прыбудуць і тыя, каго запрашалі раней, і тыя, каго — пазней. Тады можа атрымацца накладка і з транспартам, і з палівам. Таму вельмі прашу нашых кліентаў забіраць паліва ў вызначаны час. Калі не атрымліваецца, папярэдзьце, мы скарэкціруем планы.
За мінулы год работнікі Пастаўскага філіяла абласнога УП «Віцебскаблпаліва» забяспечылі брыкетам больш чым 1 300 домаўладальнікаў, дрывамі — 3 300. Гэта значыць, што заяўкі грамадзян, якія маюць права атрымліваць цвёрдае паліва з датацыяй (зарэгістраваны і пастаянна жывуць у доме з пячным (вадзяным, паравым) ацяпленнем), выкананы на 100%. Справіцца з пастаўленай задачай удалося таму, што набылі новую бензапілу, узялі ў штат трэцяга распілоўшчыка.
Дровы філіялу, згодна з планам, пастаўляюць Пастаўскі лясгас і Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». Аднаму домаўладальніку па льготнай цане (8,94 руб. за 1 м3) належыць адзін пачак дроў (4,9 м3). Калі браць дровы, папілаваныя на чуркі, прыйдзецца заплаціць 136 рублёў 27 капеек, за пашчапаныя — 192,3 рубля. Адна тона брыкету па фіксаванай цане абыдзецца ў 25,06 рубля. Яго адзін домаўладальнік можа набыць 3,5 тоны. Свабодны кошт адной тоны — каля 150 рублёў.
Попыт ёсць на розныя віды дроў. Тыя, хто мае сілы, сваю пілу або клапатлівых дзяцей, купляе 4-метровае бярвенне. З нядаўняга часу ў філіяле ёсць спецыяльны пагрузчык, які лёгка яго загружае. Большасць жа спажыўцоў паліва аддаюць перавагу шчапаным дрывам.
— Хоць з дрывамі клопату хапае (іх трэба папілаваць, пашчапаць), больш праблем маем з брыкетам, — расказваў Аляксандр Саковіч. — Браслаўскі торфабрыкетны завод пакуль на рамонце. У нас заключаны дагаворы з Лідскім, Старобінскім, Сяргеевіцкім і іншымі заводамі. Месца для захоўвання паліўных брыкетаў на тэрыторыі філіяла няшмат. І каб брыкет не губляў якасці, пажадана, каб заказчыкі забіралі яго своечасова і складзіравалі ў закрытых павецях.
Пачаўся новы год, і работнікі філіяла ўжо фарміруюць заяўкі на атрыманне цвёрдых відаў паліва. Прадбачлівыя гаспадары пра яго набыццё дбаюць загадзя. Пакуль у чарзе каля 500 чалавек. З кожным днём іх колькасць павялічваецца. Дырэктар рэкамендуе не марудзіць з падачай заяўкі. Набытыя цяпер дровы да наступнай зімы прасохнуць і будуць забяспечваць ваша жыллё цяплом.
Анна Анішкевіч