Поставчане приняли участие в фестивале рождественской песни «Зорка Бэтлеема» в Миорах

Духовность

Ззяла «Зорка Бэтлеема»

Фестываль каляднай песні пад такой назвай нарадзіўся ў Міёрах у 2002 годзе. З-за COVID-19 апошні раз ён праводзіўся тры гады таму. Сёлета традыцыя ўзнавілася, і ў пачатку студзеня дзеці і моладзь з Віцебска, Полацка, Наваполацка, Глыбокага, Міёр, іншых парафій Віцебскай дыяцэзіі і нават з Мінска сабраліся зноў, каб у песнях і музыцы праслаўляць Божае нараджэнне.

— Праграма была вельмі насычанай, — расказвала сястра Мар’яна з варапаеўскай парафіі Святога Міхала Арханёла. — З кожным годам усё больш твораў прысвячаецца Божаму Нараджэнню. Праз спевы, вершы, танец удзельнікі праслаўлялі Нованароджанага Збаўцу. Яны гралі на скрыпцы, цымбалах, фартэпіяна, гітарах, тамтамах, бразготках. Гучалі песні на беларускай, польскай і нават нямецкай мовах. Цікавымі былі харэаграфічныя пастаноўкі. Атмасфера фестывалю была напоўнена хрысціянскай радасцю.

Поставчане приняли участие в фестивале рождественской песни «Зорка Бэтлеема» в Миорах

Ганаровым госцем свята стаў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У склад журы ўвайшлі доктар біблійнай тэалогіі, мастак і паэт пробашч з Друі ксёндз Сяргей Сурыновіч, сястра Ёнаша Мровец з віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага і спадарыня Тэрэза Будкевіч. Пераможцаў вызначалі ў дзвюх узроставых катэгорыях: дзеці да 12 гадоў і моладзь ад 13 да 17 гадоў — у чатырох намінацыях: «Інструментальная творчасць», «Дуэты», «Гурты», «Сола».

У намінацыі «Сола» 1-е месца ў сваёй узроставай катэгорыі па­дзялілі паміж сабой Злата Ярашэвіч з лучайскай парафіі Святога Юды Тадэвуша і Таіса Андрэйчык з наваполацкай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста. Злата выконвала тры песні: «Раство» на беларускай, «Maria durch ein’ Dornwald ging» («Марыя прабіралася праз цярноўнік») на нямецкай і «Gore gwiazda Jezusowi» («Гарыць зорка Езуса») на польскай мовах. Дарэчы, новапалачанка Таіса — унучка ўдзельніцы парафіяльнага хору з Варапаева Ганны Андрэйчык.

Поставчане приняли участие в фестивале рождественской песни «Зорка Бэтлеема» в Миорах

На 2-м і 3-м месцах — Пётр Дзевятоўскі і Ульяна Казаровец з Варапаева. А ў намінацыі «Дуэт» Пятру і Ульяне прысуджана 2-е месца. Кожны з іх асобна выканаў песні «Бэтлеем» і «Любоў прыходзіць з неба», разам — «Нарадзіўся Збаўца». Парадавалі сваім выступленнем гледачоў фестывалю юныя музыканты з Варапаева — Каця Кейзік (сінтэзатар) і Дар’я Мычко (гітара).

— У нас сапраўды таленавітая моладзь, — гаварыла сястра Мар’яна. — Мы ёй вельмі ганарымся. Удзячныя за дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсу выкладчыку Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Іосіфа Сушко Ірыне Уладзіміраўне Кузьміч. Злату Ярашэвіч рыхтавала сястра Таццяна.

Фестываль — гэта добрая маг­чымасць сустрэцца з прадстаўнікамі розных парафій, пасябраваць і наладзіць кантакты. Дыпломы, салодкія падарункі і кнігі пераможцам уручыў біскуп Алег Буткевіч. З мерапрыемства і ўдзельнікі, і гледачы вярнуліся з цудоўным настроем.

Анна Анішкевіч
Фота газеты «Каталіцкі веснік»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.