У цэнтры ўвагі – моладзь і сем’і
28 снежня ў раённым Доме культуры падвялі вынікі адкрытага сельскагаспадарчага конкурсу сярод маладых сем’яў «Майстры вёскі» і ўзнагародзілі самых актыўных і ініцыятыўных маладых людзей Пастаўшчыны.
Сярод ганаровых гасцей урачыстасці былі старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік і яго намеснік Станіслаў Чымбург.
— Сёння ў гэтай зале прысутнічае крэатыўная і перспектыўная моладзь, якой будаваць будучыню не толькі Пастаўшчыны, але і ўсёй нашай Беларусі, — вітаў прысутных Сяргей Васільевіч. — Хачу вам пажадаць не спыняцца на дасягнутым і пакараць новыя вяршыні. Дзяржаўная маладзёжная палітыка гэтаму спрыяе, ды і самі вы куды больш актыўныя, разняволеныя, чым некалі былі мы. Памятайце: стаяць на месцы — значыць страціць час, нешта ўпусціць, а гэтага мы сёння дазволіць сабе не можам. Давайце разам пераадольваць цяжкасці і крок за крокам рухацца наперад — да новых, сумесных, поспехаў.
Разам з другім сакратаром раённага камітэта БРСМ Анастасіяй Пятровай Сяргей Чэпік уручыў шэраг грамат ад райкама гэтай грамадскай арганізацыі. Іх удастоены амаль два дзясяткі чалавек, у тым ліку маладыя кіраўнікі пастаўскіх устаноў. Сярод узнагароджаных таксама былі члены Маладзёжнай палаты, што дзейнічае пры Пастаўскім раённым Савеце дэпутатаў, актывісты маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, валанцёры атрада «Добрае Сэрца».
Пасля музычнай паўзы на сцэну выйшлі маладыя сем’і: Андрэй і Кацярына Каралёнкі з вёскі Хрыстова, Аляксандр і Наталля Журавы з аграгарадка Навасёлкі, Андрэй і Анастасія Кундро з Варапаева, Сяргей і Святлана Разумы з Рабекаў. Усе яны — удзельнікі конкурсу «Майстры вёскі», які ўжо ў 11-ы раз праводзіўся сярод маладых сем’яў, што пражываюць у сельскай мясцовасці.
— За гэты час у конкурсе паўдзельнічалі больш за 60 маладых сем’яў, у тым ліку з-за мяжы, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская. — З года ў год ён пацвярджае, што наш раён багаты моцнымі, дружнымі, творчымі сем’ямі, у якіх шануюць традыцыі продкаў і годна выхоўваюць дзяцей.
Бліжэй з сем’ямі-канкурсантамі журы пазнаёмілася праз падрыхтаваныя імі эсэ і відэаролікі. У выніку пераможцай прызнана сям’я Разум. І яна, і астатнія ўдзельнікі конкурсу атрымалі прызы, якімі забяспечылі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённая арганізацыя РГА «Белая Русь». Свой падарунак — паўгадавую падпіску на раённую газету — уручыў пераможцам і «Пастаўскі край».
—Нашай сям’і 9 гадоў, — расказвала Святлана Разум. — Муж па прафесіі зваршчык, але цесна «сябруе» і з дрэвам, і з металам. Шмат чытае, займаецца спортам, пчалярствам, любіць рыбалку. Увогуле, уся наша сям’я вельмі любіць актыўны адпачынак на ўлонні прыроды.
Я прысвячаю ўсю сябе сям’і, дзецям. Іх у нас трое: старэйшай дачцэ Машы 8 гадоў, сыну Ягорку — 5, малодшай Настачцы ўсяго 8 месяцаў. Мы любім адно аднаго, і ў гэтым наша сіла.
Летась у «Майстрах вёскі» перамогу святкавала сям’я Гваздзеўскіх з Варапаева. З гэтай нагоды старшыні мясцовага сельскага Савета Іне Касарэўскай быў уручаны пераходны талісман конкурсу — гліняны чайнік. Сёлета Іна Генадзьеўна перадала яго калезе з Кураполля Ліліі Гінько. Няма сумненняў, што чайнік будзе працягваць «вандраваць» па раёне — найлепшых «Майстроў вёскі» па традыцыі плануюць вызначаць і надалей.
Іна Сняжкова. Фота аўтара