Умеюць ліквідаваць і папярэдзіць
Каля 300 населеных пунктаў у Пастаўскім, Мядзельскім і Астравецкім раёнах абслугоўвае пажарны аварыйна-выратавальны пост №11 райаддзела па надзвычайных сітуацыях, размешчаны ў г.п. Лынтупы.
Гэты пост быў утвораны ў гарпасёлку ў канцы 1995 года на базе мясцовай пажарнай каманды, калі на Пастаўшчыне адбывалася фарміраванне ваенізаванай пажарнай службы. У зону яго абслугоўвання ўключылі Лынтупскі, Камайскі і Ярэўскі сельсаветы нашага раёна, на тэрыторыі якіх сёння знаходзяцца 199 вёсак, Свірскі сельсавет Мядзельскага, Рытанскі і Варнянскі — Астравецкага раёнаў. Радыус выезду ў самыя аддаленыя вёскі складае 30 кіламетраў.
— У асноўным мы выязджаем на пажары, а таксама на дарожна-транспартныя здарэнні і дапамогу насельніцтву, — расказваў начальнік паста Аляксандр Маляўка. — Дапамагаем людзям дастаць скаціну, калі яна кудысьці правалілася, адкрыць замкнёныя дзверы, спілаваць аварыйнае дрэва ці абрэзаць на ім галлё, якое чапляецца за лінію электраперадачы, замацаваць на даху сарваны ветрам шыфер, пазбавіцца ад гнёздаў восаў ці шэршняў. І хоць найчасцей бываюць менавіта такія выклікі, галоўным для нас з’яўляецца папярэджанне і ліквідацыя пажараў. Іх колькасць у апошнія гады зніжаецца дзякуючы прафілактычнай рабоце, якую праводзім сумесна са старшынямі сельвыканкамаў. Разам з імі абходзім усе дамы вяскоўцаў. Калі камусьці з пажылых ці шматдзетных трэба ўстанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, пачысціць дымаход або замазаць трэшчыны на печы, робім гэта. Ставім на ўлік і трымаем на пастаянным кантролі кожнага аматара спіртнога, і летась у нас ніхто з іх не пацярпеў ад пажару. Усяго ў 2022 годзе ў зоне абслугоўвання паста на тэрыторыі Пастаўскага раёна адбылося 7 пажараў, на якіх загінулі дзве пенсіянеркі. Прычынай іх гібелі стала неасцярожнае абыходжанне з агнём.
Лынтупскі пост невялікі — на ім працуюць 8 чалавек. Акрамя начальніка, гэта 3 майстры-ратаўнікі і 4 вадзіцелі, адзін з якіх падменны. Пяцёра работнікаў з Пастаў, трое мясцовыя, з пасёлка. Гадоў 5 назад тут адбылася змена пакаленняў: тыя, пры кім адкрываўся пост, пайшлі на пенсію, а іх месца заняла моладзь. Нягледзячы на тое, што ніхто з маладых не мае спецыяльнай адукацыі, яны хутка асвоіліся ў прафесіі, у тым ліку дзякуючы штодзённым тэарэтычным і практычным заняткам. Ну а падтрымліваць форму дапамагае фізпадрыхтоўка з рэгулярнай здачай нарматываў.
— Калектыў у нас дружны, баяздольны, — працягваў Аляксандр Георгіевіч. — Мы ўкамплектаваны ўсім неабходным для ліквідацыі розных надзвычайных сітуацый. Ёсць бензарэз, бензапіла, гідраўлічны інструмент для ўскрыцця аўтамабіляў і выратавання людзей, якія трапілі ў дарожна-транспартнае здарэнне. Маем баявую і рэзервовую машыны маркі «ЗІЛ-131» з аб’ёмам аўтацыстэрны 2,5 тоны для выезду на пажары. Яны хоць і старыя, але моцныя, ламаюцца рэдка, бо своечасова праводзім іх тэхнічнае абслугоўванне.
У Лынтупах Аляксандр Маляўка служыць амаль чвэрць стагоддзя — юбілей будзе адзначаць праз месяц, у лютым. Пачынаў радавым пажарным, праз 5 гадоў назначылі камандзірам аддзялення, а ў 2015-м узначаліў пост. За 25 гадоў чаго толькі не было! Не раз даводзілася і людзей з пакарабачаных аўтамабіляў даставаць, і пажары тушыць. Самы вялікі з іх адбыўся ў 2013-м на Лынтупскім спіртзаводзе і стаў сапраўдным экзаменам для ратаўнікоў, які тыя з гонарам вытрымалі.
На жаль, прыйшлося і хаваць баявога таварыша. Тры гады назад падчас ліквідацыі пажару па завулку Красільнікава ў гарпасёлку загінуў блізкі сябар Аляксандра Георгіевіча — Генадзій Макоўскі. У падраздзяленні захоўваюць памяць пра яго. Штогод у дзень гібелі наведваюць магілу калегі і мараць пра тое, каб на будынку паста з’явілася памятная дошка з яго імем.
Алена Шапавалава