Заўсёды побач! Побач з кожным!
Гэты дэвіз ААТ «ААБ Беларусбанк» на слыху, напэўна, у кожнага беларуса. Увесь 2022 год прайшоў пад знакам векавога юбілею самага народнага банка нашай краіны. 100-годдзе яго работнікі адзначылі 26 снежня, і яно амаль супала з прафесійным святам банкіраў і фінансістаў, якое сёлета выпала на 1 студзеня.
Гісторыя Беларусбанка вядзе адлік з прыняцця пастановы Савета Народных Камісараў РСФСР «Аб утварэнні дзяржаўных ашчадных кас», якая паклала пачатак ашчаднай справе ў савецкай Беларусі. Першая такая каса адкрылася ў Мінску ў маі 1923 года. А ўжо праз 10 гадоў іх колькасць у БССР складала больш за тысячу. Галоўнай задачай новых устаноў было даць насельніцтву магчымасць надзейна захоўваць свабодныя грашовыя сродкі.
На Пастаўшчыне, якая да верасня 1939 года знаходзілася пад Польшчай, першая ашчадкаса з’явілася ў кастрычніку 1944 года — пасля вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — і з таго часу, як і іншыя беларускія касы, перажыла нямала рэарганізацый. Іх вынікам стала ўтварэнне ў 1995 годзе адкрытага акцыянернага таварыства «Ашчадны банк «Беларусбанк».
Сёння гэта найбуйнейшая фінансава-крэдытная ўстанова краіны, якой давяраюць 6 мільёнаў беларусаў. Сваім кліентам яна прапануе больш за 100 відаў банкаўскіх паслуг і прадуктаў, у тым ліку па разлікова-касавым абслугоўванні, крэдытаванні, дэпазітных аперацыях, лізінгу, факторынгу, міжнародных і міжбанкаўскіх разліках, валютна-абменных і канверсійных аперацыях, аперацыях з банкаўскімі картамі, кансалтынгавыя і дэпазітарныя паслугі. Яны даступныя кожнаму жыхару рэспублікі, бо банк мае разгалінаваную філіяльную сетку, што ахоплівае ўсю яе тэрыторыю.
У Пастаўскім раёне Беларусбанк прадстаўлены Цэнтрам банкаўскіх паслуг №230, у склад якога ўваходзяць 3 аддзяленні і аперацыйная служба. У штаце 29 чалавек, якія абслугоўваюць больш за 20 тысяч жыхароў рэгіёна. А 4 банкаматы і столькі ж інфакіёскаў — каля 24 тысяч плацежных карт, эмітаваных ЦБП. Карпаратыўнымі кліентамі ўстановы з’яўляюцца ўсе буйныя прадпрыемствы і арганізацыі раёна.
На працягу ўсёй гісторыі Беларусбанк ставіў у аснову ўкараненне тэхналогій і развіццё сэрвісаў, здольных зрабіць жыццё кліентаў і супрацоўнікаў прасцейшым і зручнейшым. У сувязі з гэтым з канца 90-х гадоў мінулага стагоддзя пачалося скарачэнне колькасці аддзяленняў (калісьці ў раёне іх было больш за 30) і штату работнікаў, які раней даходзіў да 100 чалавек. Таму цяпер у калектыве амаль паўсотні ветэранаў. Многія з іх адпрацавалі ў Беларусбанку па 30—40 гадоў. У ліку такіх Людміла Аляксандраўна Селіванчык, Люцыя Антонаўна Захарыч, Лілія Вацлаваўна Ягела, Даната Тадэвушаўна Казлоўская, Іна Пятроўна Марозава і іншыя.
26 гадоў філіялам №230 паспяхова кіраваў Леанід Сямёнавіч Касарэўскі. Сапраўдны прафесіянал і добры арганізатар, ён змог мабілізаваць падначаленых на вырашэнне задач, якія ставіў перад банкам час. Пры ім адбывалася перабудова банкаўскай сістэмы, актыўна ішло тэхнічнае пераўзбраенне, укараняліся новыя тэхналогіі. Сёння Леанід Сямёнавіч узначальвае ветэранскую арганізацыю ЦБП, а пасаду дырэктара займае яго старэйшы сын Леанід. Разам з цяперашнімі работнікамі ўстановы ён працягвае традыцыі папярэдніх пакаленняў, увасабляючы ў жыццё дэвіз «Беларусбанк заўсёды побач!».
Алена Шапавалава. Фота аўтара