Адрас мнагадзетнай сям’і Алесі і Сяргея Васілевічаў з райцэнтра падказаў сябар рэдакцыі Сяргей Вшыўкаў. Ён жа даслаў і фотаздымак, на якім я ўпершыню ўбачыла герояў будучай публікацыі. А потым наведалася да іх.
Вольга ці Алеся?
Але толькі калі ўжо завяршала размову з гаспадыняй дома, яна зазначыла: «Дарэчы, я не Алеся, а Вольга». «Як Вольга?! — абсыпала мяне жарам. — Я ж увесь час звярталася да вас як да Алесі, і вы мяне не папраўлялі». У адказ пачула, што менавіта Алесяй яна сябе лічыць і так яе ўсе называюць. А вось у дакументах значыцца «Вольга».
Справа ў тым, што ў Свірскім сельскім Савеце Мядзельскага раёна, куды тата ў маі 1986 года адправіўся рэгістраваць немаўля з маміным наказам назваць дачушку Алесяй, адмовілі ў гэтым. Сцвярджалі, што такога імя ў Беларусі няма, і прапанавалі зарэгістраваць Вольгай.
— Я доўга не верыла ў гэта. Думала, што самому тату больш падабалася імя Оля, таму ён так назваў мяне, — расказвала маладая жанчына. — Пакуль аднойчы не пачула, як салістка знакамітага беларускага ансамбля «Сябры» Алеся расказвала ў тэлеперадачы аналагічную гісторыю пра сябе. Па дакументах яна таксама Вольга…
Вось я і знаёмлю вас з Алесяй Васілевіч і яе сям’ёй.
Захопленыя спортам
— Ніколі не думала, што стану мнагадзетнай маці, але так атрымалася, — прызналася Алеся. — А зараз нават уявіць не магу, каб каторага з чатырох у нас не было. Усе яны такія розныя і такія любімыя! Дзевяцікласнік Антон, як і належыць старэйшаму сыну, удумлівы, сур’ёзны, разважлівы. Патап ходзіць у 4 клас, вельмі харызматычны, магнітам прыцягвае да сябе іншых. А ў футбол ён, напэўна, і ў сне гуляе. Можа нават спаць у абдымку з мячом і варатарскімі пальчаткамі. Кіра ў 2 класе і лічыць сябе дамай. Вельмі шустрая, пацанка пацанкай, бо расце сярод хлопчыкаў. Рома яшчэ ў дзіцячым садку. Вялікі гарэза і вельмі настойлівы. Мы яго жартам Раманам Сяргеевічам называем.
Што агульнае ў дзяцей, дык гэта любоў да спорту. Усе чацвёра любяць плаваць. Антон мае III спартыўны разрад па плаванні, у лютым будзе здаваць на II. Кіра таксама прывозіць залатыя медалі з абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Патап хоць і плавае, але яго захапленне — футбол. Рома з верасня мінулага года наведвае секцыю вольнай барацьбы. Усім ім заняткі падабаюцца. Старанна займаюцца і ў школе. Фотаздымак Антона змешчаны на школьнай Дошцы гонару. А маці з’яўляецца членам бацькоўскага камітэта ў класах, у якіх займаюцца Антон і Кіра.
Татаў аўтарытэт – бясспрэчны
Сяргей — вадзіцель-дальнабойшчык. Раней яго рэйсы пралягалі ў краіны Еўропы, зараз — у Казахстан і Узбекістан. Дома бывае рэдка і нядоўга. Жонка і дзеці, безумоўна, сумуюць па ім, і ён тэлефануе ім па некалькі разоў на дзень. А якая радасць, калі прыязджае! Кожны раз прывозіць падарункі, саладосці. Дзеці не адыходзяць ад таты, расказваюць пра свае поспехі, дзеляцца навінамі. Для хлопчыкаў купіў набор будаўнічых інструментаў, таксама прывучае іх да тэхнікі. У снежні ён быў у водпуску. З’ездзілі да бабуль і дзядуляў, іншай радні, пагаспадарылі на дачы і ў доме. А 31-га, у другой палове дня, усёй сям’ёй адправіліся на машыне ў Мінск. Палюбаваліся святочным убраннем сталіцы, сустрэлі Новы год ля галоўнай ёлкі краіны і вярнуліся дадому. А ён таксама быў упрыгожаны ярка, з фантазіяй. Гаспадары нават падалі заяўку на ўдзел у гарадскім конкурсе на найлепшае навагодняе афармленне дома і сядзібы. На іх расчараванне, вынікі сярод прыватных домаўладанняў не падводзіліся.
Васілевічы лёгкія на пад’ём. Як толькі з’яўляецца магчымасць, адпраўляюцца ў дарогу. Пабывалі ў Клайпедзе, Смаленску, Брэсце, шматразова — у Мінску. Дзецям вельмі падабаецца ўзбірацца на Курган Славы. У сталіцы не абмінаюць і забаўляльныя цэнтры. Вялікія ўражанні засталіся ў іх ад Хатыні, партызанскай базы на Мядзельшчыне. Неаднойчы адпачывалі на Блакітных азёрах. Выязджаюць у лес у грыбы і ягады. Любімым месцам стала дача ў Лотве, якую купілі два гады назад. Гэта звычайны вясковы дом, у якім захавалася руская печ. Халоднай парой года дзеці з задавальненнем бавяцца на ёй, нацепленай. Летам усіх вабяць возера і лес, якія непадалёк.
І дзяржава дапамагае
Алеся закончыла Маладзечанскі політэхнікум, але нідзе не працуе. Напісала гэту фразу і падумала, што яна несправядлівая. Хіба не самая адказная і патрэбная грамадству місія жанчыны нараджаць і выхоўваць дзяцей? І хіба магчыма параўнаць штодзённыя клопаты маці, тым больш мнагадзетнай, з клопатамі чайлдфры, якія ўвогуле не жадаюць мець дзяцей?
Фінансава сям’ю забяспечвае бацька. Паколькі яна вялікая, то і выдаткі адпаведныя. У Паставы з Мядзела Васілевічы пераехалі, маючы адно дзіця. Наш горад выбралі таму, што тут былі ніжэйшыя цэны на жыллё. Купілі паўдома па завулку 17 Верасня. Не разлічвалі, што сям’я так разрасцецца і стане цеснавата. Зараз дабудоўваюць другі паверх.
Мае мнагадзетная сям’я і кватэру, якую пабудавала з дзяржпадтрымкай, зрабіўшы толькі першапачатковы ўзнос у памеры 25% ад агульнага яе кошту. Праўда, для гэтага давялося прадаць машыну. Але пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці доўгатэрміновы крэдыт, які сям’я брала на будаўніцтва кватэры, быў з яе цалкам спісаны.
— Ключы ад кватэры мне ўручылі 5 мая 2016 года, якраз у дзень майго юбілею, — расказвала Алеся. — Але яна да гэтага часу пустуе. Па-першае, у двухпакаёўцы нам цесна. Па-другое, больш падабаецца дом. Тут агарод, кветнікі, добрыя суседзі. Сямейны капітал, атрыманы ад дзяржавы, пакуль не выкарыстоўвалі, ён ляжыць у банку і яшчэ спатрэбіцца нам, калі дзеці пасля школы паступяць вучыцца далей.
Мнагадзетная маці з удзячнасцю гаварыла і пра тое, што за дзіцячы садок, які наведвае Рома, сям’я плаціць толькі палову сумы, школьныя абеды для ўсіх іх дзяцей бясплатныя, знаходжанне ў летнім лагеры адпачынку — таксама. 50-працэнтная дзяржаўная скідка за дадатковыя заняткі плаваннем. Акрамя таго, яе робяць і трэнеры. А з Патапа як перспектыўнага футбаліста ўвогуле не бяруць плату.
24/7
— Праца мамай — гэта 24 гадзіны ў суткі 7 дзён на тыдні. Зараз ужо намнога лягчэй, — прызналася Алеся. — Іншы раз жартую, што хоць на руках насіць не трэба: усе ходзяць самі. А як няпроста было адной з малымі, бо Сяргей пастаянна ў рэйсах! Асабліва, калі падхоплівалі якую інфекцыю. Захварэе адзін, за ім — і іншыя. А ў жніўні-верасні 2021-га на нас абрынуўся каранавірус. Першай злягла я. Двухбаковая пнеўманія, чатыры дні не магла ўстаць з ложка. Захварэлі і меншыя дзеці. Усё трымалася на Антоне, але ўрэшце і ён здаўся. Кіра-першакласніца нават не змагла пайсці на ўрачыстую лінейку ў школу, а так збіралася!
Але ж дзеці і мае памочнікі. Антон летам абкошвае газоны ля дома, Патап зграбае траву. Зімой удвух расчышчаюць снег. Кіра імкнецца паўдзельнічаць у вырабе якога-небудзь упрыгажэння для дома або цацкі, чым я люблю займацца ў вольную хвіліну. Адным словам, кожнаму справа знаходзіцца.
Пад’ём у дзяцей у 7 гадзін раніцы, у мамы — на гадзіну раней, каб паспець прыгатаваць сняданне. Абавязкова што-небудзь гарачае: яечню, кашу, бліны, сырнікі. У дадатак — чай з дамашнім пірагом або бутэрбродамі. Хіба пасля такога сытнага сняданку дзеці прагаладаюцца да часу школьнага абеда? Вось бы так у кожнай сям’і!
Потым мама вязе на машыне старэйшых дзяцей у школу, меншанькага — у дзіцячы садок. Зручна, што ўсіх па адным маршруце — у 6 гарадок. Вяртаецца дадому і пачынае прыбіраць, мыць, прасаваць, гатаваць. У другой палове дня трэба дапамагчы Кіры падрыхтаваць урокі, развезці дзяцей па спартыўных секцыях або на рэлігійныя заняткі ў касцёл. Пасля іх заканчэння — забраць дадому.
Пасляслоўе
Наведаўшыся да Васілевічаў, я нібыта пабывала на астраўку любові і дабрыні. На жаль, з гаспадаром не давялося сустрэцца (ён знаходзіўся ў рэйсе), але пачула ад Алесі шмат цёплых слоў пра яго. Ну а дзеці для бацькоў — гэта іх працяг, радасць, надзея. Яны ўжо задумваюцца пра іх дарослае жыццё і вераць, што яно будзе насычаным і шчаслівым. Прынамсі, фундамент пад гэта закладваюць трывалы.
Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава і з сямейнага архіва Васілевічаў