Дарылі песні і ўсмешкі, пераймалі мудрасць
Ад Раства Хрыстова да Вадохрышча ў праваслаўных — святкі. Актывісты БРСМ і піянерскай арганізацыі СШ №2 імя Н. М. Асяненкі разам з другім сакратаром райкама Анастасіяй Пятровай прысвяцілі гэты час адзінокім пажылым людзям. Разам з імі ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы» па некаторых адрасах пабывала і карэспандэнт «ПК».
84-гадовая Людміла Данілаўна Карпенка пражывае ў 6 гарадку. Яна ўраджэнка Полацкага раёна. Падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы спалілі яе родную вёску, а жыхароў вывезлі ў Нямеччыну.
— Фашысты хацелі спаліць нас у канцэнтрацыйным лагеры, — нахлынулі на жанчыну зусім не святочныя ўспаміны. — Але на дарозе, якая вяла туды, амерыканцы ўзарвалі мост. А потым і нас вызвалілі. Вярнуліся на радзіму на папялішча. Выкапалі зямлянку і доўгі час жылі ў ёй. Пазней удалося пабудаваць невялікі дом.
Замуж Людміла выйшла за хлопца з Валожына. Нарадзіла сына. А калі муж памёр, захацела перабрацца бліжэй да Полацка і памяняла валожынскую кватэру на пастаўскую. Ды так і засталася ў нашым горадзе. Два гады даглядала цяжкахворую сястру. Цяпер самой патрэбна дапамога. Яе аказвае сацыяльны работнік Рыма Камісарчук, бо сын Людмілы Данілаўны жыве ў Санкт-Пецярбургу.
— Дзякуй вялікі вам, дзеткі, за ўвагу, песні, пажаданні, — гаварыла Людміла Карпенка пасля таго, як праслухала віншаванні і атрымала падарункі. — Цаніце, што жывяце пад мірным небам. Беражыце нашу краіну.
Радзіма Марыі Фёдараўны Осіпавай — Смаленшчына. У вайну яе маці з чатырма дзецьмі, ратуючыся ад голаду і смерці, прыйшла наПастаўшчыну і доўгі час працавала ў аднаго заможнага гаспадара ў Дашках.
— Мама была ўдалая да любой работы, — успамінала Марыя Осіпава. — Хораша прала. Гаспадары цанілі яе за сумленнасць, працавітасць. Дзякуючы гэтаму мы выжылі.
Браты і сёстры Марыі стварылі свае сем’і, а яна жыла з маці. У 30-гадовым узросце памерла малодшая сястра, і Марыя ўзяла на выхаванне яе 6-гадовага сына. Ён цяпер не забывае цётку, праведвае яе. Па прадукты ў магазін ходзіць сацыяльны работнік.
— Дзякуй, дарагія, што прыйшлі, дзякуй за падарункі, — прачулена гаварыла 83-гадовая жанчына. — Справа не ў іх, а ў тым, што маладыя праяўляюць ўвагу да пажылых. Гэта вельмі кранальна.
Музычныя віншаванні пад акампанемет Зінаіды Сінгх пажылым дарылі ў касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі дзесяцікласнікі Андрэй Собаль і Вікторыя Бабіч, а таксама васьмікласнікі Дар’я Рамбальская і Аляксей Касарэўскі.
— Наша задача — павіншаваць адзінокіх са святамі, стварыць ім добры настрой, — тлумачыла Анастасія Пятрова. — Мы вельмі рады, калі тыя, да каго прыходзім, расказваюць нам пра сваё жыццё, усміхаюцца, а многія нават падпяваюць знаёмую «В лесу родилась ёлочка». Акцыя «Ад усёй душы» — магчымасць зрабіць пажылых людзей хоць на некалькі хвілін шчаслівейшымі. Столькі гора выпала на іх долю! Яны — жывыя сведкі гісторыі, і ў іх мы чэрпаем мудрасць.
У раёне 847 чалавек – адзінокія. Ім, а таксама яшчэ больш чым 200 непрацаздольным грамадзянам пастаянна аказваюць дапамогу сацыяльныя работнікі ТЦСАН. Для сувязі з адзінокімі тут функцыянуе кол-цэнтр. Яго спецыялісты трымаюць сувязь з адзінокімі і адзінока пражываючымі, выяўляюць і кантралююць катэгараваных грамадзян, праводзяць сярод іх прафілактычную работу.
Падчас дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы» галоўным было максімальна далучыць да аказання дапамогі пажылым школьнікаў і студэнтаў, развіць дыялог пакаленняў. Адбыўся ён і ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Удзел у ім прынялі наведвальнікі аддзялення, старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч і навучэнцы гімназіі.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара