Павышаюць аўтарытэт
Вынікі работы прафкамітэта ў мінулым годзе і планы на бягучы, выкананне калектыўнага дагавора, каштарыс даходаў і расходаў і іншае абмяркоўвалі члены прафсаюзнай арганізацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на справаздачным сходзе, які прайшоў на гэтым тыдні.
У яго рабоце прынялі ўдзел старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Алена Няфёдава, намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая.
Старшыня пярвічкі ТЦСАН Ганна Хромчанка расказала пра асноўныя кірункі дзейнасці арганізацыі. А гэта сацыяльнае партнёрства, грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы і яе ахове, арганізацыя аздараўлення членаў прафсаюза і іх сямей, турыстычна-экскурсійныя мерапрыемствы, рацыянальнае выкананне фінансавых сродкаў, рэалізацыя комплексу мер па захаванні колькасці членаў прафсаюза (у тэрытарыяльным цэнтры ахоп прафсаюзным членствам складае 100%, а гэта больш за 200 чалавек).
Прафсаюзная арганізацыя ТЦСАН прымае актыўны ўдзел ва ўсіх раённых мерапрыемствах. На высокім узроўні тут наладжана культурная і турыстычная дзейнасць, што з’яўляецца важным элементам у павышэнні агульнага ўзроўню развіцця членаў калектыву, спрыяе знаёмству са славутымі мясцінамі Беларусі, яе гісторыяй, знакамітымі людзьмі. Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра любяць спорт. Яны пастаянныя ўдзельнікі турыстычных злётаў, спартакіяд, конкурсаў. Гэтыя мерапрыемствы накіраваныя на ўмацаванне даверу і добрых адносін паміж членамі калектыву.
— У сваёй рабоце мы кіруемся Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Уставам Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, рашэннямі VIII з’езда Федэрацыі прафсаюзаў, праграмай дзейнасці ФПБ і іншымі нарматыўнымі дакументамі, — гаварыла Ганна Хромчанка. — На пастаянным кантролі прафсаюза — выкананне пунктаў калектыўнага дагавора і ахова працы. Грамадскія інспектары ёсць у кожным структурным падраздзяленні. Рэгулярна праводзім прафілактычныя гутаркі з членамі калектыву, абследуем рабочыя месцы, кантралюем правільнасць прымянення сродкаў індывідуальнай аховы і іншае.
За добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, высокія паказчыкі ў рабоце Ганаровую грамату абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Алена Няфёдава ўручыла дырэктару ТЦСАН Марыі Ракоўскай, Падзякі — інжынеру па ахове працы Сяргею Квяткоўскаму, справаводу Гражыне Цымбалюк і вадзіцелю Сяргею Смірнову.
Алена Няфёдава і Іна Далецкая высока ацанілі работу прафкамітэта пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ТЦСАН, асабіста яго старшыні Ганны Хромчанкі. Яны выказалі ўпэўненасць, што і ў далейшым сацыяльнае партнёрства будзе ўмацоўвацца і развівацца, а аўтарытэт прафсаюза — расці.
Анна Анішкевіч