Як снег на галаву…
Назіраючы за сёлетняй зімой, складваецца ўражанне, што 12 Месяцаў з казкі Маршака загуляліся з посахам і Снежань раз за разам перадае яго Красавіку, саступаючы яму дарогу. А як яшчэ патлумачыць бясконцае чаргаванне снегу з дажджом, а маразоў з адлігай? Гэта, вядома, жарт. У адрозненне ад праблемы, пра якую, з аднаго боку, усе ведаюць, а з другога — вырашаць чамусьці не спяшаюцца.
Існуе яна не першы год. Але менавіта з-за частых ваганняў тэмпературы гэтай зімой стала больш адчувальнай. Яе «прапіска» — вуліца Ленінская, 1. Справа ў тым, што, як толькі пачынаецца інтэнсіўнае раставанне снегу, з даху будынка ён падае на тратуар, утвараючы ледзяныя гурбы. І трэба добра пастарацца, каб без прыгод іх пераадолець. Час ад часу наледзь ліквідуюць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна, за якімі і замацавана гэта тэрыторыя.
— Дык, можа, рабіць гэта варта часцей? — пытаюся ў іх.
— Робім усё магчымае, — адказваюць. — Сітуацыя была б іншай, калі б на даху быў снегазатрымальнік, які, нягледзячы на рэкамендацыі, гаспадары будынка ўсталёўваць не спяшаюцца. Гэта прыстасаванне ўтрымлівала б снег на даху альбо разразала б мерзлую снежную масу на часткі, дзякуючы чаму яна паступова сыходзіла б са скатаў, не ўяўляючы пагрозы.
Прадухіліць небяспеку ўласнікі будынка ўсё ж такі імкнуцца: сама неаднойчы бачыла папераджальны надпіс накшталт: «Асцярожна! З даху падае снег». Аднак пры ўсім жаданні ўхіліцца ад яго на такім вузкім тратуары немагчыма. У пятніцу ў снежную «пастку» тут трапіла і мая калега, зведаўшы на сабе прамое і пераноснае значэнне выразу «як снег на галаву». Калі яна пераступіла парог рэдакцыі, выгляд мела такі, быццам яе нехта з-за вугла пыльным мехам па галаве ўдарыў. Крыху аправіўшыся ад шоку, расказала, што яе так збянтэжыла, і паказала поўную снегу сумачку. Ад яго колькасці нават чарніла ў нататніку расплылося… А калі б такі снежны ком агрэў па галаве дзіця? Наўрад ці атрымалася б абысціся лёгкім спалохам. Няўжо чакаем бяды?
Дарэчы, ёсць у цэнтры горада яшчэ адно небяспечнае для пешаходаў месца — адрэзак моста праз Мядзелку з боку «Старога млына». Нават і не ведаю, якой «чароўнай» пліткай ён выкладзены, але ў вільготнае і марознае надвор’е на яе ступіць страшна: настолькі слізка, што таго і глядзі «балет» выканаеш. І плітка тая таксама тут з’явілася не ўчора.
Вераніка Філановіч