Былі годнымі карагоды
З 16 снежня па 13 студзеня СТК «Азёркі» прыняў сотні гасцей: тут ладзілася анімацыйная праграма «Бай і Зюзя карагодзяць у акрузе». Наколькі яна была папулярнай сярод беларускіх турыстаў? Што іх асабліва ўразіла ў маляўнічай рэзідэнцыі пастаўскіх «чараўнікоў»? На гэтыя і іншыя пытанні адказала інструктар-метадыст па турызме Пастаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба, аўтар сцэнарыя тэатралізаванага прадстаўлення і актыўная яго ўдзельніца Наталія Карнілава:
— Новая забаўляльная праграма была падрыхтавана аддзелам спорту і турызму райвыканкама і Цэнтрам турысцкіх паслуг. Сёння, падводзячы вынікі навагодняга сезона ў Азёрках, можна з упэўненасцю сказаць, што яна прыйшлася гасцям даспадобы. Прадстаўленне было паказана 22 разы. Гледачамі сталі больш за паўтары тысячы чалавек — дзяцей і дарослых — з Мінска, Віцебска, Полацка, Наваполацка, Астраўца і іншых гарадоў Беларусі. Былі ў нас і госці з Расіі — прыязджалі як у прыватным парадку, так і ў складзе груп з нарачанскіх санаторыяў.
25 снежня мы прымалі 38 чалавек з латвійскага Рэзэкнэ, а 29-га Пастаўшчыну і Азёркі наведалі прадстаўнікі Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» з Даўгаўпілса. Дадаткова дырэктар Цэнтра турысцкіх паслуг Ягор Шушкевіч праводзіў экскурсіі па славутасцях Пастаўшчыны і па міфалагічнай сцяжынцы комплексу. Вялікую дапамогу ў экскурсійным абслугоўванні гасцей раёна аказала Людміла Сяменас.
Не ў баку ад святкаванняў былі і пастаўчане. Мы арганізавалі гарадскія ёлкі на каталіцкае і праваслаўнае Раство, у складзе груп прыязджалі да нас і мясцовыя школьнікі. Ад наведвальнікаў чулі шмат станоўчых водзываў. Ім спадабалася ўсё: комплекс, спектакль, персанажы, гульні, пачастункі… Большасць ад’язджала з жаданнем зноў вярнуцца ў гэты маляўнічы куточак на беразе возера Белае.
Сезон-2022/2023 атрымаўся насычаным і плённым. Дзякуй усім, хто дапамагаў дарыць гасцям эмоцыі: самадзейным артыстам, экскурсаводам, народным майстрам, тэхнічным і іншым работнікам. Праведзена вялікая калектыўная праца, і яна дала добрыя вынікі ў плане развіцця ўязнога турызму на Пастаўшчыне.
Адзначу, што вясёлыя і творчыя сустрэчы ў Азёрках будуць працягвацца. Наступныя мерапрыемствы з удзелам Зюзі і Бая плануем правесці ў канцы лютага — на Масленіцу.
Запісала Іна Сняжкова