За старанне – новы «Амкадор»
У пачатку снежня давялося быць у майстэрні ААТ «Сцяг Перамогі-агра» ў Шырках. Механізатары займаліся рамонтам тэхнікі. І калі я прапанавала сфатаграфавацца, адказалі: «Сёння ў нас галоўны герой — Анатолій Борыс. Ён першы раз выехаў на новенькім «Амкадоры». І неадкладна патэлефанавалі калезе, папрасілі, каб пад’ехаў на мехдвор.
Анатолій Пятровіч быў у добрым настроі: кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства даверыла яму высокапрадукцыйную тэхніку. За ёй сам ездзіў у Віцебск, прыгнаў у Шыркі, дасканала агледзеў, разабраўся ў настройках і выехаў на пагрузку кармоў.
— Адказны, вопытны работнік, любое заданне выконвае сумленна, добра разбіраецца ў тэхніцы, працавіты, — характарызавалі Пятровіча і таварышы, і кіраўнік ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Ігар Маслоўскі, які ў той час таксама быў на тэрыторыі майстэрні. — Таму без ваганняў даверылі яму новы «Амкадор». А той, на якім працаваў раней, перадалі ў юнькаўскае аддзяленне.
У Шырках Анатолій Борыс працуе 42 гады. Нарадзіўся на хутары недалёка ад возера Світа. Затым бацькі пераехалі ў Паставы. Хлопец закончыў СШ №1, паступіў у прафтэхвучылішча. На практыку папрасіўся на родныя, шыркаўскія, землі. Тэрміновую ваенную службу праходзіў у Маскве. Была магчымасць там застацца, але цягнула дадому, і пасля звальнення ў запас вярнуўся у вёску.
— Пра такіх, як я, кажуць: «Урос каранямі ў зямлю», — гаварыў Анатолій Пятровіч. — Люблю яе і тэхніку, таму і не прывабіў мяне горад. Ажаніўся на дзяўчыне з Кашыц. Жыллё ў Паставах атрымаць у той час было праблематычна. У Шырках жа нам далі асабняк. Тут мяне ўсё задавальняе.
Як механізатар, працоўны стаж якога перавышае 20 гадоў, Анатолій Борыс мае права на льготную пенсію. Ды дома яму не сядзіцца. І кіраўніцтва задаволена, што адзін з найлепшых работнікаў сельгаспрадпрыемства па-ранейшаму застаецца ў рабочым страі. Некаторыя кажуць, што ў вёсцы жыць цяжка. А Пятровіч не згодны. Лёгкага хлеба нідзе не бывае, лічыць ён. Папрацаваць, вядома, прыходзіцца. Працоўны дзень часцей за ўсё ненарміраваны. Але на ўсе гэтыя нюансы мужчына глядзіць з аптымізмам: трэба — значыць трэба. Ні на Новы год, ні на Каляды адпачываць не давялося: жывёлу без кармоў не пакінеш. І на ўласным падвор’і Борысы трымаюць немалую гаспадарку — так што доўга не паспіш.
Вопытнаму механізатару падуладная любая тэхніка. Ён яе беражэ. Апошнія 15 гадоў працуе на «Амкадоры». На ім зімой хапае спраў на зерняскладзе, а яшчэ грузіць кармы, вясной — арганіку. Пачынаецца корманарыхтоўка — трамбуе сянажную масу, грузіць рулоны саломы і сенажу.
Маё знаёмства з чалавекам было кароткім, а ўражанне засталося добрае. Спакойны, сціплы, з іскрынкамі ў вачах, ён захоплена расказваў пра сваю работу, вясковае жыццё, дзвюх унучак. І ў словах адчувалася адданасць абранай справе, клопат пра родных. Шчаслівы той, хто любіць сваю прафесію. Анатолій Борыс з гэтай катэгорыі.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара