Родам з СССР
31 снежня 2022 года споўнілася 100 гадоў з дня ўтварэння СССР. 15 студзеня бягучага года адзначыла сваё 85-годдзе наша, Віцебская, вобласць. Да гэтых дзвюх гістарычных дат раённы савет ветэранаў і раённы краязнаўчы музей прымеркавалі чарговае пасяджэнне клуба «Жывая гісторыя».
На яго прыйшлі ветэраны працы і арміі — людзі родам з СССР. У адпаведным стылі была аформлена музейная зала, у якой праходзіла пасяджэнне: паўсюль пераходныя чырвоныя сцягі, вымпелы, значкі, тагачасныя газеты і часопісы, банкноты, манеты і многія іншыя экспанаты.
Прысутных цёпла віталі старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч і дырэктар музея Валянціна Друсь. Яны падкрэслілі, што ўсе дасягненні СССР складваліся з дасягненняў саюзных рэспублік, а тыя ў сваю чаргу — з дасягненняў абласцей і раёнаў. Затым старшы навуковы супрацоўнік музея Вікторыя Жышкевіч прапанавала ўвазе прысутных відэапрэзентацыю нашай вобласці.
Віцебшчыне ёсць чым ганарыцца
Віцебшчына — гэта калыска беларускай дзяржаўнасці. Менавіта тут у IX стагоддзі з’явілася першае Полацкае княства, заснаванае на берагах Заходняй Дзвіны, а Полацк — самы старажытны горад Беларусі.
Віцебская вобласць — самы паўночны рэгіён краіны. Яна аб’ядноўвае 21 раён, 2 гарады абласнога падпарадкавання (Віцебск і Наваполацк), 17 — раённага, 22 пасёлкі гарадскога тыпу, 6 191 сельскі населены пункт, з іх 254 — аграгарадкі.
Чвэрць занятага насельніцтва працуе ў прамысловай сферы, якая дае 30,9% валавога дабаўленага кошту. У вобласці дзейнічае каля 1 400 прамысловых прадпрыемстваў. У іх ліку такія буйныя, як «Нафтан», «Полацквалакно», «Белвест», «Марка», «Віцебскія дываны», адзін з найбуйнейшых на прасторах СНД Аршанскі льнокамбінат. Паспяхова развіваецца сельская гаспадарка.
Багатая прырода Віцебшчыны. У вобласці найбольшая ў краіне колькасць азёр — 2 800, працякае больш за 500 рэк. Трэцюю частку тэрыторыі займаюць лясы. Ёсць усе падставы ганарыцца культурнай спадчынай — а гэта больш за 3 тысячы помнікаў гісторыі, археалогіі, культуры і архітэктуры.
Яркія, незабыўныя падзеі
Большасць тых, якія ўзгадалі ўдзельнікі пасяджэння клуба «Жывая гісторыя», адносяцца менавіта да таго перыяду, калі Беларусь, а значыць і наша вобласць уваходзілі ў склад СССР. Уладзіславу Лапушынскаму пашчасціла ўдзельнічаць у паказальных выступленнях дэсантнікаў падчас святкавання 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Яно ладзілася на дамадзедаўскім аэрадроме ў Маскве. «На працягу 6 гадзін неба над аэрадромам было занятым, — успамінаў Уладзіслаў Уладзіміравіч. — У паказальных выступленнях задзейнічалі ўсю авіяцыю краіны, у тым ліку звышгукавыя самалёты. На святкаванні прысутнічалі кіраўнікі ўсіх краін Варшаўскага дагавора і іншых».
— СССР быў аплотам дружбы ўсіх народаў, — працягнуў думку Уладзімір Маркаў і пацвердзіў яе фотаздымкам перыяду, калі праходзіў тэрміновую службу ў арміі ў Асіповічах. На ім — узвод кіравання дывізіёнам з 14 чалавек, 7 з іх розных нацыянальнасцей: беларусы, рускі, украінец, азербайджанін, малдаванін, балгарын. «І ўсе мы жылі як адна сям’я», — заключыў. Гаварыў ён і пра тое, як настойліва і плённа працавалі нашы дзяды і бацькі, наколькі цеснай была ўзаемасувязь арміі і народа, колькі рэліквій часоў СССР захавалася. А яшчэ — як важна данесці да моладзі ўсё тое, што перажыло і памятае старэйшае пакаленне.
Многае ўзгадала Вольга Мышко. Шмат гадоў ёй давялося працаваць на адказных пасадах не толькі ў нашым раёне, але і на Лёзненшчыне. Асабліва кранальнымі былі ўспаміны Вольгі Казіміраўны пра тое, якія суровыя выпрабаванні выпалі на долю лёзненцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, колькі воінаў загінула за вызваленне краю ад фашысцкіх захопнікаў і як свята захоўваюць на Лёзненшыне памяць пра іх.
Нельга было не заслухацца эмацыянальным аповедам Наталлі Булавінцавай пра гісторыю Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік», які атрымаў пастаянную прапіску ў Паставах і мае высокі статус. А ён жа пачынаў свой шлях у абласных цэнтрах — Віцебску і Магілёве. Потым фестываль хацелі «перацягнуць» з Пастаў да сябе іншыя раёны. Не атрымалася. Фестываль застаўся нашым брэндам.
Уладзіміру Магільніцкаму давялося служыць на Чарнаморскім флоце. «Двойчы па тры месяцы мы хадзілі ў Міжземнае мора, — успамінаў ён. — Пабываў у Егіпце, Сірыі, Балгарыі. Удзельнічаў у сяброўскім візіце караблёў у Варну. Сустрэча была вельмі цёплай». І прадэманстраваў фотаздымак, на якім балгарскія маракі лесам узнятых угору рук і промнямі шчырых усмешак на тварах вітаюць савецкіх маракоў. Хіба такое можна забыць?
Усе выступоўцы прызнаваліся ў тым, што ім пашанцавала жыць у СССР і што яго развал яны ўспрынялі вельмі балюча. А зараз у сувязі са складанай міжнароднай абстаноўкай ветэранаў агортвае вялікая трывога за будучыню краіны і свету ў цэлым. Тым не менш у іх сэрцах жыве надзея на лепшае. Няхай жа яна спраўдзіцца!
Фаіна Касаткіна