Калі справа па душы
Усяго за некалькі месяцаў ветэрынарны фельчар ААТ «Камайскі-агра» Дзмітрый Карніенка зарэкамендаваў сябе добрым спецыялістам.
Дзмітрый — карэнны магіляўчанін. Закончыўшы 11 класаў, паступіў у Лужаснянскі аграрны каледж. Свой выбар тлумачыць любоўю да жывёлы. Бацькі жывуць у прыватным сектары ва ўласным доме. Доўгі час яны трымалі гаспадарку, і Дзіма дапамагаў ім. Жаданне навучыцца лячыць жывёлу падштурхнула хлопца выбраць прафесію ветфельчара. Першым у Лужасна паступіў яго старэйшы сябра і шмат апавядаў пра вучобу.
Дзмітрыю таксама вучыцца было цікава. Першую практыку праходзіў у конна-спартыўнай школе ў Магілёве. Калі надышоў час выбіраць месца для пераддыпломнай, з прапанаванага пераліку гаспадарак выбраў ААТ «Камайскі-агра» нашага раёна. Вярнуўся сюды і атрымаўшы дыплом. Змена гарадскога стылю жыцця на вясковы не выбіла хлопца з каляіны. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла яму добраўпарадкаваную кватэру з мэбляй, бытавой тэхнікай. У першыя месяцы работы абслугоўваў ферму ў Мягунах. А нядаўна за ім замацавалі перапрафіляваную ў Буцавічах. Атрыманыя за амаль тры гады веды Дзмітрый удала прымяняе на практыцы. Калі ўзнікаюць якія пытанні, дапамагаюць больш вопытныя калегі, спецыялісты з упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
Ідзём з Дзмітрыем па памяшканнях буцавіцкай фермы. Ён расказвае пра дойку ў сучаснай даільнай зале, утрыманне кароў і іх кармленне. Заглядваем у прафілакторый для цялят, якія размясціліся ў спецыяльных белых доміках.
— Як толькі прыязджаю на рабочае месца, спяшаюся да цялят, — расказваў малады спецыяліст. — Найперш аглядаю нованароджаных, а таксама іх «мамак». Да кожнага падапечнага падыход індывідуальны: адным — прышчэпкі, другім — біядабаўкі, трэцім — лякарствы. За каровамі, якія ацяліліся, назіраю на працягу 21 дня. За чатыры месяцы работы форс-мажорных сітуацый не ўзнікала.
Асноўная задача ветфельчара — прафілактыка захворванняў, вакцынацыя, а таксама лячэнне жывёлы. Работа Дзмітрыю падабаецца. Праўда, летам прачынацца прыходзілася раней за петухоў і з першымі промнямі сонца разам з аператарамі машыннага даення быць на перасоўнай дойцы, дзе кругласутачна ўтрымліваўся статак. Абавязкаў шмат. Дзмітрый звяртае ўвагу на кармленне, санітарна-гігіенічныя нормы ўтрымання. На новай ферме яны добрыя.
Задаволены малады спецыяліст і калектывам. Галоўны прынцып яго работы: калі ўзяўся за працу, давядзі яе да канца. Дзмітрый Карніенка сумленна выконвае свае абавязкі, імкнецца быць у курсе ўсяго новага і перадавога. Камфортна адчувае сябе сярод калег, сваёй працай уносіць уклад у развіццё жывёлагадоўлі ААТ «Камайскі-агра».
— Не сумна ў сельскай мясцовасці? — цікаўлюся.
— Я не з той катэгорыі, каб сумаваць, — адказвае. — Ды і часу вольнага няшмат. А выдаецца — занятак знайду заўсёды. У ААТ «Хацілы-агра» працуе мая аднагрупніца Каця Жураўская. Многія выхадныя праводзім разам.
Пасля заканчэння сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы выпускнік абавязаны адпрацаваць два гады. Дзмітрый заключыў кантракт на 5. Такому рашэнню маладога спецыяліста ў гаспадарцы рады, задаволены яго адносінамі да выканання службовых абавязкаў.
Анна Анішкевіч