Школа абнаўляецца
На днях у будынку пачатковай школы СШ №1 Пастаў пачалася замена старых драўляных вокнаў і дзвярэй на новыя, пластыкавыя.
Гэты будынак, у якім раней размяшчаўся дзіцячы сад, узводзіўся яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя і з таго часу капітальна не рамантаваўся. За чатыры дзесяцігоддзі многае ў ім прыйшло ў заняпад: стала працякаць, абвальвацца, рассыпацца. Бачачы гэта, раённая ўлада выдзеліла сёлета з бюджэту сродкі на рамонт даху, які завяршыўся ў канцы верасня. А ў лістападзе прайшла працэдура дзяржаўнай закупкі па замене драўляных вокнаў і дзвярэй на пластыкавыя. Таргі выйграла прыватнае гандлёва-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Урам» з Мінска, работнікі якога павінны да канца года замяніць 172 аконныя блокі і 16 уваходных дзвярэй.
Па словах дырэктара СШ №1 Валерыя Каліцкага, рамонт не парушыць вучэбны працэс. Весціся ён будзе паступова, па адным класе. Пакуль будаўнікі будуць працаваць у ім, дзеці пяройдуць для заняткаў у памяшканне групы падоўжанага дня. На гэтым рамонтныя работы не завершацца. У наступным годзе плануецца адрэстаўраваць фасад — атынкаваць і пафарбаваць яго, а таксама замяніць усе міжпакаёвыя дзверы і правесці ўнутраныя работы ў класах і кабінетах.
Алена Шапавалава
Фота Наталлі Налей