Навагодняя феерыя ў цэнтры
Першыя ноткі навагодняга настрою ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі пачынаюць адчувацца задоўга да наступлення любімага дзецьмі і дарослымі свята — калі даецца старт рэспубліканскім конкурсам «Калядная зорка», «Лёд. Кветкі. Фантазія», «ТэхнаЁлка», а таксама абласным акцыям «На добрую памяць» і «Зберажом зялёную елку». Тады навучэнцы цэнтра, а за імі і школьнікі з усіх устаноў адукацыі раёна пад кіраўніцтвам педагогаў узяліся за стварэнне калядных і навагодніх вырабаў з прыродных і іншых матэрыялаў. Вынік іх творчасці штогод можна ўбачыць на выставе ў РЦДМ, якая адкрываецца ў сярэдзіне снежня.
Сёлета яе аформілі перад пачаткам рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Як заўсёды, у экспазіцыю ўключылі амаль усе работы, прадстаўленыя на раённыя этапы названых вышэй конкурсаў і акцый. За выключэннем тых, якія выбралі для ўдзелу ў абласных этапах гэтых творчых спаборніцтваў.
— Нягледзячы на тое, што конкурсы і акцыі традыцыйныя, праводзяцца з года ў год, дзеці кожны раз здзіўляюць нас новымі тэхнікамі і арыгінальнымі, а не ўзятымі з інтэрнэта, ідэямі, — гаварыла намеснік дырэктара РЦДМ Таццяна Шумуліанене. — Выстава вельмі падабаецца ўсім наведвальнікам цэнтра, а асабліва — нашым навучэнцам. Штодзень на перапынках паміж заняткамі ў аб’яднаннях па інтарэсах яны збіраюцца каля яе і аналізуюць, ацэньваюць кожную работу, выказваюць свае меркаванні, што побач з чым павінна стаяць.
Што да вынікаў конкурсаў, то яны падведзены не толькі ў раёне. Большасць — і ў вобласці. І пастаўчанам ёсць чым пахваліцца. Так, у рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў «Калядная зорка» дыпломам І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама адзначана саламяная зорка Паўла Якубоўскага (педагог — Т. А. Дзегцярук), дыпломам ІІ ступені — вышываная зорка Валерыі Шлапо (педагог — В. А. Пякарская). Дыпломам «За творчыя дасягненні» ўзнагароджана Арына Вярцінская, аўтар звязанай кручком зоркі, якую дапамагала рабіць І. А. Багушэвіч.
У рэспубліканскім конкурсе «ТэхнаЁлка» 2-е месца ў намінацыі «Калядная кампазіцыя» заняла работа навучэнца СШ №4 Мацвея Аўласевіча. 3-е месца ў намінацыі «Навагодні сувенір» у навучэнца СШ №1 Дзмітрыя Кішко, у намінацыі «Святочныя ўпрыгажэнні» — у Анастасіі Мароз з Курапольскай БШ. У абласным конкурсе-акцыі «На добрую памяць» дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана Ангеліна Таміліна, навучэнка аб’яднання па інтарэсах «Саламяныя фантазіі» пад кіраўніцтвам Т. А. Дзегцярук.
Работы, якія занялі прызавыя месцы ў вобласці, адпраўлены на рэспубліканскія этапы конкурсаў, дзе ў пастаўчан таксама ёсць усе шанцы стаць прызёрамі. Канчатковыя вынікі будуць падведзены да Новага года.
Алена Шапавалава