Работники Поставского лесхоза заготавливают новогодние ёлки для жителей Поставщины

Общество

Каб елачка прыгожая ў дом да нас прыйшла

Накіроўваюся ў Пастаўскае лясніцтва, каб паназіраць за работай леснікоў. Аляксей Барысаў сустракае на ўскрайку лесу за Чартамі. З ім праз поле па глыбокім снезе прабіраемся да месца нарыхтоўкі навагодніх елак.

— Яшчэ дзень таму дрэвы стаялі заснежаныя, — расказвае Аляксей. — І перш чым ссекчы елку, трэба было абтрэсці з яе снег. Сёння тэмпература нулявая, ідзе дождж, і снег пакрыху растае. Працаваць у такое надвор’е некамфортна. Але ведаем, што пакупнікі чакаюць лясных прыгажунь.

Ідзём на стук тапароў — работа ў лесе кіпіць. Васілій Галаўко і Аляксандр Свіла спрытна арудуюць тапарамі. Непадалёк разгараецца вогнішча — ля яго леснікі крыху пагрэюцца — і зноў за справу. Высечка вядзецца паміж квартальнымі прасекамі, таму, каб знайсці прыгожую з усіх бакоў елку, трэба нямала паха­дзіць. Здараецца, што ў снег правальваюцца ледзь не па пояс.

Работники Поставского лесхоза заготавливают новогодние ёлки для жителей Поставщины
З елкай — леснікі Васілій Галаўко і Аляксандр Свіла

— Наша задача на сёння — выбраць лясных прыгажунь для гарадскіх дзіцячых садоў і школ, — расказвалі леснікі. — Патрэбна больш за 10 штук. А калі нарыхтоўвалі гараджанам, то і па 50 адпраўлялі ў лясніцтва. Каля 20 елак розных памераў пайшло на ўпрыгажэнне пастаўскага касцёла і капліцы. Першая хваля попыту на навагоднія дрэўцы бывае перад каталіцкімі Калядамі, другая — перад Новым годам. Радуе, што людзі ў апошнія гады аддаюць перавагу жывым елкам. Штучная, вядома, зручна: не трэба марнаваць час на наведванне ёлачных кірмашоў, прыбіраць апалыя іголкі, думаць, як потым утылізаваць непатрэбны навагодні атрыбут. Але ж галоўная перавага жывой елкі — яе непаўторны водар, які робіць хатнюю атмасферу святочнай.

— А ці здараецца, што хтосьці спрабуе самастойна ссекчы елку?

— Сёлета зіма снежная, — гаварылі леснікі. — Любы след адразу бачны. Тым не менш лясы патрулююцца. У дапамогу лясной ахове — фотапасткі. Цана на навагоднія дрэвы ўпаўне дэмакратычная: да метра — 9 рублёў, да 2-х — 11. А вось штрафы — ад 5 да 30 базавых велічынь.

Лес абуджае рокат трактара, і да леснікоў пад’язджае механізатар Сяргей Мацеша. Елкі займаюць месца ў прычэпе і адпраўляюцца на свята да дзетвары. А Аляксей Барысаў, Васілій Галаўко і Аляксандр Свіла накіроўваюцца па прасецы далей у пошуках новых прыгажунь.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.