Якасна выконваюць задачы
У суботу сваё прафесійнае свята адзначалі работнікі падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Гэту службу ў народзе па-ранейшаму часта называюць «пашпартны стол», хоць яе функцыі і задачы даўно значна змяніліся і расшырыліся.
У сценах кабінетаў АГіМ Пастаўскага РАУС пастаянна кіпіць работа. Штодзень, акрамя панядзелка і нядзелі, сюды прыходзяць наведвальнікі, каб аформіць неабходныя дакументы на пражыванне на тэрыторыі раёна, атрымаць або памяняць пашпарт. Работнікі аддзялення працуюць не толькі з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, але і з іншаземцамі. У пераліку найбольш важных задач, якія яны выконваюць, — ажыццяўленне міграцыйнага кантролю за замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія знаходзяцца і пражываюць на Пастаўшчыне, выдача ім дазволаў на знаходжанне, часовае або пастаяннае пражыванне, рэгістрацыя па месцы жыхарства і знаходжання, афармленне запрашэнняў для іншаземцаў, пашпартоў і дакументаў, якія даюць права на ўезд і выезд за мяжу, вядзенне рэгістра насельніцтва і шмат іншых спраў. І з усім гэтым спраўляюцца 4 чалавекі, двое з якіх з’яўляюцца старажыламі падраздзялення.
Цяжка паверыць у тое, што маладжавага выгляду жанчына — пашпартыст Наталля Бароўка — працуе ў службе каля 40 гадоў. Тым не менш гэта так: сюды яна прыйшла адразу пасля школы і з таго часу займаецца дакументаваннем грамадзян Рэспублікі Беларусь, рэгістрацыяй іх па месцы знаходжання і пражывання. За год выдае некалькі тысяч пашпартоў. Напрыклад, сёлета разам са сваёй калегай Вольгай Ліпатавай, чый працоўны стаж у АГіМе складае крыху больш за год, выдала амаль 1 700 найгалоўнейшых для кожнага чалавека дакументаў старога ўзору і амаль 1 600 новых, біяметрычных.
Вялікую частку жыцця прысвяціў аддзяленню па грамадзянстве і міграцыі і Вячаслаў Власаў. З 2006 па 2012 год ён узначальваў гэту службу, а пасля выхаду на пенсію заняў пасаду вядучага спецыяліста па рэгістры насельніцтва. Цяпер ажыццяўляе ўлік фізічных асоб: уносіць звесткі пра кожнага жыхара раёна (дата і месца яго нараджэння, адрас пражывання, месца работы і інш.) у базу персанальных даных грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія захоўваюцца ў дзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме.
Зараз у аддзяленні вакантная пасада інспектара па рабоце з замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства. Таму яго абавязкі — а гэта кантроль за знаходжаннем названых асоб на тэрыторыі нашага раёна — выконвае начальнік АГіМ Уладзіслаў Рыхліцкі, назначаны ў маі гэтага года.
— Сёння на Пастаўшчыне 72 іншаземцы маюць дазвол на часовае і 819 — на пастаяннае пражыванне, — расказваў ён. — Сярод іх грамадзяне Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Малдовы, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана і іншых краін. Мы ўважліва сочым за тым, каб яны пражывалі па месцы сваёй рэгістрацыі, мелі работу, калі знаходзяцца ў працаздольным узросце, не здзяйснялі злачынстваў і іншых адміністрацыйных правапарушэнняў, пасля заканчэння дазволу на знаходжанне на тэрыторыі нашай краіны своечасова пакідалі яе. З гэтай мэтай кожнага правяраем па месцы жыхарства, праводзім прафілактычныя гутаркі пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь, розныя адпрацоўкі і рэйды. Парушальнікаў прыцягваем да адміністрацыйнай адказнасці, а можам і дэпартаваць або выслаць з краіны, забараніўшы ўезд у яе. Напрыклад, сёлета высланы трое грамадзян Расійскай Федэрацыі і адна грамадзянка Літоўскай Рэспублікі, якім забаронены ўезд у Беларусь. Таксама дэпартаваны сем грамадзян Сірыі і адзін — Егіпта. Яны нелегальна знаходзіліся на тэрыторыі раёна і былі выяўлены падчас аперацыі «Нелегал».
У гэтым годзе з турыстычнай мэтай у наш раён уехала 800 замежных грамадзян. Работы АГіМаўцам дабавіла ўвядзенне бязвізу для жыхароў Латвіі, Літвы і Польшчы. А вось падзеі ва Украіне не выклікалі наплыву бежанцаў. З пачатку правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі на Пастаўшчыну прыбылі толькі 14 грамадзян гэтай краіны. Хтосьці з іх зарэгістраваўся на некалькі месяцаў, хтосьці атрымлівае дазвол на пастаяннае пражыванне.
— Наша работа, асабліва з замежнымі грамадзянамі, рэгулюецца вялікай колькасцю нарматыўна-прававых актаў, якія пастаянна мяняюцца. Усе іх даводзіцца вывучаць. Але, нягледзячы на цяжкасці, мы стараемся выконваць свае задачы прафесійна і якасна, — зазначыў Уладзіслаў Андрэевіч.
Алена Шапавалава