Раман з саломкай
1 снежня беларускую практыку пляцення з саломкі ўключылі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Яна стала ў ім пятым нацыянальным элементам, які прадстаўляе нашу краіну. Цяпер у гэтым спісе будуць значыцца і імёны майстроў па саломапляценні. Сярод іх — Таццяны Петух і Крысціны Брэскай з Пастаўскага Дома рамёстваў «Стары млын».
Беларускія творы з саломкі не маюць аналагаў у свеце, з’яўляюцца адной з найбольш нацыянальна адрозных форм выяўлення духоўных каштоўнасцей і мастацкіх традыцый беларусаў. Пляценнем саломы на ўсходнеславянскіх землях займаліся з даўніх часоў: гэта рамяство ўзнікла на мяжы ІІ-І тысячагоддзяў да нашай эры і мае вытокі ў старадаўніх абрадах, звязаных з культам хлеба і ўрадлівасці. Але менавіта ў Беларусі яно набыло новае жыццё, стала масавым відам сучаснай мастацкай творчасці. Сёння ім валодаюць больш за 200 майстроў у 85 рэгіёнах рэспублікі, 20 з якіх удастоены звання «Народны майстар Беларусі».
У ліку апошніх — дырэктар «Старога млына» Таццяна Петух. Саломку яна не выпускае з рук на працягу 28 гадоў. Захапілася ёю пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава, калі прыйшла працаваць у клуб «Майстры».
— У той час адной з маіх калег была Галіна Карпенка, якая валодала мастацтвам інкрустацыі і аплікацыі саломкай, — расказвала Таццяна Петух. — Гледзячы на яе работы, я загарэлася жаданнем навучыцца рабіць такія ж. Неўзабаве Карпенка звольнілася з клуба, і весці саломку прыйшлося мне. Займалася з дарослымі, якіх накіроўваў на перанавучанне раённы цэнтр занятасці насельніцтва, вяла гурток у дзяцей. Калі адкрыўся Дом рамёстваў, саломапляценне стала адным з першых напрамкаў яго работы.
За больш чым чвэрць стагоддзя кіраўнік установы дасканала асвоіла ўсе віды пляцення (спіральнае, прамое, аб’ёмнае), саламяную пластыку (аплікацыя) і канструяванне («павукі»), а таксама тэхналагічныя прыёмы рамяства. Яго сакрэты спасцігала на курсах у Віцебску і Мінску, майстар-класах у інтэрнэце. Майстэрства ўдасканальвала на практыцы, рыхтуючы сувеніры на продаж і ў падарунак гасцям фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». Адначасова ўдзельнічала ў абласных і рэспубліканскіх выставах і конкурсах па саломапляценні, заваёўваючы граматы і дыпломы. У 2002 годзе ўступіла ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, а ў 2008-м яе ўключылі ў кнігу «Найлепшыя майстры Віцебшчыны». Зараз Таццяна Мікалаеўна навучае саломапляценню дзяцей, якія прыходзяць на гурток у Дом рамёстваў, праводзіць практыкумы і майстар-класы для дарослых.
Яе калега Крысціна Брэская працуе ў «Старым млыне» 10 гадоў, але саломкай займаецца ўжо два дзесяцігоддзі. Раман з ёй пачаўся ў дзяцінстве, калі ў маладзёжным цэнтры «Юнацтва» ў 6 гарадку адкрыўся гурток «Саламяныя фантазіі», які вяла педагог раённага аб’яднання пазашкольнай работы Таццяна Дзегцярук. Спачатку рабіла сувеніры, потым — касцюмы з гэтага прыроднага матэрыялу. Калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, паступіла на народныя і мастацкія промыслы ў БДПУ імя М. Танка. Выбрала абрэзкавае шыццё і вышыванне, а не саломапляценне, паколькі ўжо тады многае ведала і ўмела ў плане работы з саломкай. Падчас вучобы ва ўніверсітэце нават дапамагала студэнтам з аддзялення па саломапляценні рабіць курсавыя працы.
У Дом рамёстваў Крысціна ўладкавалася майстрам па вышыванні, а паралельна занялася аплікацыяй і пляценнем з саломкі. Ад кіраўніка ўстановы Таццяны Петух навучылася жаць сярпом, нарыхтоўваючы яе, і рабіць «павукоў», самастойна асвоіла ткацтва з саломкай. У 2013 годзе зрабіла калекцыю лялек, у 2019-м — бычка Сцёпу і таршэр з плеценым абажурам, якія і цяпер займаюць прызавыя месцы ў розных конкурсах, сталі візітнай картачкай майстра.
Нягледзячы на тое, што абедзве жанчыны займаюцца адным відам народнага мастацтва, іх работы абсалютна розныя. У кожнай прасочваецца аўтарскі почырк і стыль.
Алена Шапавалава