Нам любіць Беларусь нашу мілую
Адкрыты дыялог «Гэта наша з табою краіна, гэта наша з табой біяграфія» прайшоў у СШ №3.
У ім удзельнічалі навучэнцы 10—11 класаў. На сустрэчу да іх прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто і камендант пагранічнай камендатуры «Паставы» Васілій Куратнік.
— Без ведання мінулага немагчыма будаваць будучыню. Менавіта таму на дзяржаўным узроўні надаецца такая вялікая ўвага захаванню гістарычнай памяці, — распачала мерапрыемства мадэратар Надзея Лешчык. — Год гістарычнай памяці ў Беларусі — асаблівы. Ён даў штуршок паглядзець на краіну, падзеі і людзей у святле мінулага, цяперашняга і будучага. Пакуль мы памятаем мінулае, чалавецтва мае магчымасць развівацца і ўдасканальвацца.
У Год гістарычнай памяці ў школе праведзена шмат мерапрыемстваў і рэалізавана некалькі праектаў. Вучні расказалі пра найбольш цікавыя. Напрыклад, мэтай праекта «Поезд памяці» стала захаванне памяці пра тых, хто аддаў сваё жыццё, каб мы жылі ў мірнай і спакойнай краіне. У ім удзельнічаюць навучэнцы з 5-га па 11-ы клас. Яны наведваюцца да помнікаў загінулым воінам, якія вызвалялі Пастаўшчыну, і землякам, наводзяць ля іх парадак, разыгрываюць тэатральна-музычныя пастаноўкі. Надоўга запомніцца навучэнцам адкрыты дыялог «Сувязь пакаленняў», у якім удзельнічалі прадстаўнікі некалькіх пакаленняў — піянеры, актывісты школьнай пярвічнай арганізацыі БРСМ і ветэраны піянерскага руху.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, звяртаючыся да ўдзельнікаў дыялогу, падкрэсліў, што данесці памяць пра мінулае да будучых пакаленняў — агульная задача. Вельмі важна, каб не скажаліся гістарычныя факты, а падаваліся так, як было на самай справе. Ён узгадаў свае дзіцячыя гады, калі ў жывых заставалася яшчэ шмат былых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і яны прыходзілі ў школу на сустрэчы з вучнямі, дзяліліся ўспамінамі. Усё ў тых успамінах было перажытае імі і праўдзівае. Такую праўду і трэба несці з пакалення ў пакаленне. А якім цяжкім быў пасляваенны час, калі беларусы аднаўлялі разбураную краіну, развівалі сельскую гаспадарку, прамысловасць! Нямала працоўных подзвігаў і на рахунку пастаўчан. Пра іх трэба ведаць і з удзячнасцю прымаць усё тое, што маем у сваёй краіне сёння. У заключэнне Пётр Леанідавіч падзякаваў настаўнікам і навучэнцам за вялікую работу па патрыятычным выхаванні, пажадаў будучым выпускнікам шчаслівага шляху ў дарослае жыццё.
Эмацыянальна гучалі словы настаўніцы гісторыі, маці двух сыноў-афіцэраў Людмілы Пчалінцавай.
— Людзі не нараджаюцца патрыётамі, а становяцца імі, — гаварыла яна. — Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае сям’я. — З любові да маці, бацькі, сястры, брата пачынаецца любоў да сваёй Радзімы, імкненне абараняць яе. Ганаруся сваімі сынамі. Абодва яны закончылі грамадзянскія вышэйшыя навучальныя ўстановы, але ўрэшце сталі афіцэрамі. Перад імі ніколі не стаяла пытанне, ісці ў армію або не. Яны разумеюць, што гэта іх грамадзянскі абавязак, і годна выконваюць яго.
Мяне абурае, калі чую ад каго-небудзь: «А што мне дала краіна?» Лічу, што найперш варта задумацца над тым, што даў ёй ты, бо краіна — гэта ўсе мы, хто жыве ў ёй і стварае яе, і ад усіх нас залежыць яе лёс. У сацыялагічным даследаванні, якое ў мінулым годзе праводзілася ў нашай краіне, на пытанне «Што значыць быць патрыётам Беларусі?» больш за палову апытаных адказалі: «Любіць Беларусь». Менавіта гэтага я вам і жадаю.
З непадробнай увагай слухалі старшакласнікі каменданта пагранічнай камендатуры «Паставы» Васілія Куратніка. Ён, выхадзец з простай вясковай сям’і, паставіў за мэту стаць афіцэрам і дасягнуў яе, закончыўшы Ваенную акадэмію Беларусі. Выдатна ведае гісторыю краіны, з’яўляецца сапраўдным яе патрыётам. Васілій Пятровіч расказаў пра ганаровую і нялёгкую службу пагранічнікаў, запрасіў у прафесію абаронцаў Айчыны. І ўвогуле зарадзіў удзельнікаў дыялогу энергіяй і пазітывам.
Фаіна Касаткіна