Не выпрабоўвайце лёд і ўдачу!
Каляндарная зіма яшчэ не паспела ўступіць у свае правы, а на стужках айчынных інфармагенцтваў пачалі з’яўляцца паведамленні пра гібель людзей на вадаёмах з прычыны выхаду на тонкі лёд. Першымі яго трываласць правяраюць дзеці і аматары рыбнай лоўлі, якія найчасцей і становяцца ахвярамі каварнага воднага пакрыцця. На Пастаўшчыне трагедый пакуль няма, але выпадкі, калі рыбакі аказваліся ў вадзе, у гэтым сезоне ўжо маюцца.
Сёлета зіма прыйшла ў Беларусь рана — у сярэдзіне лістапада, адразу заявіўшы пра сябе істотным марозам і амаль штодзённым снегам. Праз некаторы час вадаёмы сталі пакрывацца ледзяной скарынкай, што паслужыла сігналам для рыбакоў рыхтаваць снасці. Калі адны толькі збіраюцца іх выкарыстаць, то іншыя ўжо адправіліся на рэкі і азёры і ледзь не развіталіся з жыццём. Напрыклад, у мінулыя выхадныя некалькі чалавек праваліліся ў ваду на азёрах Чэцверць і Лучайскае. На шчасце, змаглі выбрацца — самастойна ці са старонняй дапамогай. Але так шанцуе не ўсім і не заўсёды.
— Пакуль моцных маразоў не было, таму ні зямля, ні тым больш вада не паспелі астыць настолькі, каб за тыдзень невялікай мінусавой тэмпературы добра замерзнуць, — кажа начальнік Пастаўскай выратавальнай станцыі Дзмітрый Жураў. — Таўшчыня лёду на замерзлых участках розных вадаёмаў складае ад паўтара да 5 сантыметраў. І ён вельмі небяспечны, бо нераўнамерны: у адным месцы можа быць 5 сантыметраў, а літаральна праз 3 метры — усяго паўтара. Альбо наогул гэта не лёд, а намоклая і застылая снежная скарынка.
У чацвер пасля невялікага пацяплення мароз памацнеў, і начная тэмпература на Пастаўшчыне апусцілася да 10 градусаў. Але, па словах Дзмітрыя Журава, некалькіх марозных дзён недастаткова, каб лёд набыў неабходную бяспечную таўшчыню — не менш за 7 сантыметраў, і па ім можна было смела перамяшчацца. Нават тады, калі ледзяное покрыва стане 7-сантыметровым, нельга быць абсалютна ўпэўненым, што метраў праз 10 яно будзе такім жа тоўстым.
— Выходзячы на лёд, асаблівую ўвагу трэба звяртаць на небяспечныя ўчасткі: дамбы, плаціны, масткі, месцы ўпадзення ручаёў, з цячэннем, дзе ёсць чарот і іншая расліннасць. Яны заўсёды горш замярзаюць, — папярэджвае мой суразмоўца. — Адпраўляцца на рыбалку пажадана не ў адзіночку, а групай. Перамяшчацца па вадаёме след услед на адлегласці адзін ад аднаго, каб у выпадку, калі хтосьці праваліцца пад лёд, таварышы маглі яго выцягнуць. Пры сабе неабходна мець сродкі выратавання. Таксама абавязковым элементам экіпіроўкі кожнага рыбалова павінна быць выратавальная камізэлька. Яны ёсць у продажы ў спецыялізаваных магазінах і даступныя па цане. Акрамя таго, трэба выключыць ужыванне спіртных напіткаў на лёдзе.
Гэтыя правілы бяспекі работнікі выратавальнай станцыі не стамляюцца нагадваць у групах рыбаловаў-аматараў, створаных у сацыяльных сетках, і раяць не спяшацца на вадаёмы, пачакаць сапраўдных маразоў і нарастання лёду. З пачаткам яго станаўлення амаль штодзень аб’язджаюць вадаёмы Пастаўшчыны, каб праверыць іх замярзанне і таўшчыню лядовага пакрыцця, а ў выпадку сустрэчы з рыбаловамі папярэдзіць тых пра небяспеку. Ужо праманітораны многія азёры, у тым ліку ўсе паблізу горада. Рэйды будуць працягвацца. Ладзяцца яны і ў гэтыя выхадныя.
Вялікую ўвагу ратаўнікі ўдзяляюць і дзецям. Не ўсведамляючы небяспеку, многія хлопчыкі і дзяўчынкі жадаюць праверыць таўшчыню лёду на вадаёмах. Таму кожную раніцу, калі навучэнцы СШ №2 імя Н. М. Асяненкі ідуць у школу, і ў абед, калі вяртаюцца дамоў, работнікі выратавальнай станцыі дзяжураць на ўзбярэжжы Мядзелкі, дзе пралягае шлях школьнікаў.
— Небяспечныя не толькі рэкі і азёры, але і сажалкі, іншыя малыя вадаёмы, — зазначае Дзмітрый Жураў. — Здаецца, што яны хутчэй замярзаюць. Але на самай справе гэта не так. Непрамерзлая зямля аддае цяпло па краях берагавой лініі вадзе. Да таго ж сажалкі знаходзяцца пад слоем снегу, і блізка падыходзіць да іх цяпер нельга. Бацькі павінны тлумачыць гэта сваім дзецям.
Алена Шапавалава. Фота аўтара