Оператор машинного доения фермы «Маньковичи» Ирина Зизилева ухаживает за более чем сотней коров

Сельское хозяйство

Галоўная якасць – працавітасць

Аператар машыннага даення фермы «Манькавічы» ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Ірына Зізілева рыхтавалася да вячэрняй дойкі: хуценька падсыпала ў стойлы апілак, адначасова не прамінала ласкава назваць па мянушцы кожную карову, пачухаць ёй за вухам, пагла­дзіць па спіне. І многія жывёліны лізалі жанчыне рукі, нібы дзякуючы за клопат пра іх.

— Ірына на нашай ферме чатыры гады, — расказвала загадчыца Раіса Мурзёнак. — Працавітая, адказная. Даглядае больш за 100 кароў. Кожную ведае па мянушцы, чыпе, калі ў якой будзе ацёл. Вельмі хвалюецца, калі каторая жывёліна захварэе. А як старанна даглядае малых цялят!

Ірына — ураджэнка Брас­лаўскага раёна. Выхоўвалася ў мнагадзетнай сям’і. З дзяцінства была прывучана да вясковай працы: умела пада­іць карову, напаіць цяля, прапалоць градкі. У Відзаўскім прафесійна-тэхнічным ліцэі атрымала прафесію повара. Затым выйшла замуж, нара­дзіла сына. На работу ўладкавалася ў казянскую школу і адпрацавала там 9 гадоў. А калі ўстанову закрылі, сям’я к таму часу распалася, і Ірына рашылася памяняць месца жыхарства. Знаёмая прапанавала паехаць у Пастаўскі раён. Вакантнымі былі месцы ў жывёлагадоўлі. Так і трапіла на ферму ў Манькавічы.

Оператор машинного доения фермы «Маньковичи» Ирина Зизилева ухаживает за более чем сотней коров

— Падаіць адну-дзвюх кароў уручную для мяне ніколі не было складаным, умела з жывёлай абыходзіцца, — расказвала Ірына Зізілева. — А тут — група ў 50 галоў, даільныя апараты. Прызнаюся, баялася, была няўпэўненая, што атрымаецца. Рызыкнула паспрабаваць. Шэфства нада мной узяла загадчыца фермы Раіса Генадзьеўна. За кароткі тэрмін навучыла асноўным абавязкам. Праз тры дні стажыроўкі дазволіла мне працаваць самастойна.

І справа пайшла. Дзесьці праз год калега-аператар Ірыны зламала нагу. Пакуль той шукалі замену, яе групу падзялілі паміж іншымі аператарамі. Ведаючы руплівасць Ірыны Зізілевай, ёй дабавілі кароў больш, чым іншым, — ажно 25. А праз пэўны час, калі зноў узнікла праблема з кадрамі аператараў, групу Зізілевай павялічылі яшчэ на столькі ж. Складана раздойваць першацёлак. Але Ірына ўмее знайсці падыход да кожнай. І на другі-трэці дзень пасля ацёлу жывёліны становяцца спакойнымі, аддаюць усё малако.

— Па характары і паво­дзінах усе каровы розныя, — з захапленнем пра сваіх падапечных гаварыла аператар. — Ёсць вельмі ласкавыя: і рукі абліжуць, і прытуляцца. Ёсць наравістыя — і з імі трэба заўсёды быць гатовай да розных выбрыкаў. Я лічу, што не важна, дзе і кім ты працуеш. Важна, як ты адносішся да выканання сваіх абавязкаў. У мяне прынцып такі: калі бяруся за якую справу, то імкнуся выконваць яе старанна, каб не было сорамна за недапрацоўкі. На дойцы нельга штосьці ўпус­ціць, зрабіць абы-як. Гэта адразу адаб’ецца на надоях. А калі шчыра працаваць, то можна і нядрэнна зарабіць.

За лістапад Ірына Зізілева надаіла 30 тон малака. За работу ёй налічана амаль 2 500 рублёў. Колькасць малака і яго якасць напрамую залежаць ад кармлення жывёлы. Але нельга скідваць з рахункаў і сумленнасць аператара, выкананне ім тэхналагічных патрабаванняў. Вядома, зарабіць такую суму было нялёгка. Прачынаецца жанчына ў 4.30. Праз паўгадзіны транспарт гаспадаркі забірае яе з Пастаў, дзе здымае добраўпарадкаваную кватэру, і дастаўляе ў Манькавічы. У 5.30 пачынаецца ранішняя дойка. Дадому вяртаецца гадзін у 10 і да 17 займаецца сваімі справамі. Затым едзе на вячэрнюю дойку. Жыве Ірына з сынам Мікітам, які ходзіць у 10 клас СШ №2 імя Н. М. Асяненкі. Вечарамі яны абмяркоўва­юць пражыты дзень, справы ў школе. Часта перазвоньваецца І. Зізілева з мамай, якая жыве ў Браслаўскім раёне, з братамі і сёстрамі. Усе яны ганарацца, што Ірына — найлепшы аператар машыннага даення гаспадаркі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.