Першы яго выезд у зону абслугоўвання адбыўся тыдзень назад. Пастаяннага вадзіцеля пакуль няма: у філіяле яшчэ не вызначыліся, каму даверыць новы магазін на колах. А вось прадавец прызначана. Гэта Кацярына Шляга. У сістэме спажыўкааперацыі яна працуе 12 гадоў, у аўтамагазіне — 3. За выдатную працу сёлета ўзнагароджана Ганаровай граматай аблспажыўтаварыства.
— Машына класная. У ёй усё прадугледжана як для захоўвання і перавозкі тавару, так і для камфорту экіпажа, — расказвала прадавец. — Ёсць маразільныя скрыні, халадзільнікі, паліцы для выкладкі тавару, вялікая вітрына, рукамыйнікі з падагрэвам і іншае. Працаваць у такіх умовах — адно задавальненне.
Аўтамагазін абслугоўвае жыхароў 36 вёсак Юнькаўскага, Курапольскага і Дунілавіцкага сельсаветаў. У некаторых пражывае па 2-3, а то і па аднаму чалавеку. Але экіпаж даязджае ў кожны абазначаны ў маршруце пункт. За дзень даводзіцца пераадольваць ад 90 да 120 кіламетраў. Круглы год у любое надвор’е, не па найлепшых дарогах. Гэта ў райцэнтры магазінаў шмат і яго жыхарам не зразумець, што значыць аўталаўка для вяскоўцаў. Яна прыязджае да людзей два разы на тыдзень і прывозіць усё самае неабходнае. Не толькі прадукты харчавання, але і прамысловыя тавары паўсядзённага попыту. Пункты яе прыпынку становяцца месцам сустрэчы вяскоўцаў.
— Людзі нас чакаюць і ахвотна раскупліваюць тавар, — расказвала Кацярына Шляга. — А ў гэтыя дні падыходзяць яшчэ і для таго, каб падзівіцца з новай машыны. Вялікім попытам карыстаюцца хлебабулачныя, кандытарскія, мясныя, каўбасныя і іншыя вырабы. Завозілі восенню ды і зараз вязём бульбу, капусту. Прапануем мыйныя сродкі, канцылярскія тавары, галантарэю. Прымаем ад вяскоўцаў заяўкі на тавар. Кожны месяц прадаём яго ў сярэднім на 20 тысяч рублёў.
Усяго ў філіяле працуе 9 аўтамагазінаў. Тры з іх абслугоўваюць сельскае насельніцтва ў Шаркаўшчынскім раёне, шэсць — у Пастаўскім (больш за 300 вёсак).
Фаіна Касаткіна. Фота Веранікі Філановіч