Незаменны прафесіянал
Пра наладчыка абсталявання маслацэха ААТ «Пастаўскі малочны завод» Леаніда Курыловіча мне давялося чуць ад кіраўніцтва прадпрыемства толькі самае лепшае. Маўляў, выдатны спецыяліст, роўнага якому яшчэ трэба пашукаць у нашым раёне, добрасумленны, адказны, працавіты. Як было не пераканацца ў гэтым асабіста? І я адправілася на завод.
Леаніда Лявонцьевіча застала на лініі па ўпакоўцы масла: ён уважліва сачыў за працэсам і ўключаўся ў яго, калі трэба было падрэгуляваць механізмы. Хоць работа патрабуе пастаяннай прысутнасці ў цэху, згадзіўся на непрацяглае інтэрв’ю ў больш ціхім месцы.
— Я з дзяцінства захапляюся механікай і радыётэхнікай, — расказваў. — Яшчэ ў школе дасканала вывучыў устройства трактара, на якім працаваў у калгасе бацька. Пасля арміі мог без праблем паступіць у Мінскі радыётэхнічны інстытут: прапаноўвалі ісці на падрыхтоўчае аддзяленне, давалі месца ў інтэрнаце. Але, прыехаўшы з вёскі ў сталіцу, разгубіўся, не рашыўся застацца ў вялікім горадзе і вярнуўся дамоў. Уладкаваўся на шклозавод «Гута», дзе атрымаў спецыяльнасць токара. Неўзабаве ажаніўся і пераехаў у Паставы. Стаў працаваць токарам у калгасе ў Юньках. А 20 гадоў назад перайшоў на малаказавод.
Прафесію наладчыка Леанід Лявонцьевіч асвоіў, зноў жа, на прадпрыемстве. На стажыроўку ў вопытных спецыялістаў на заводзе адводзіцца 14 дзён, затым 3 месяцы — выпрабавальны тэрмін. Л. Курыловіч навучыўся ўсяму за 3 дні. Пачынаў наладчыкам у натуральнамалочным цэху. Затым перавялі ў маслацэх. Працаваў на лініі па фасоўцы тварагу, запускаў лінію па нарэзцы сыру.
Работа ў мужчыны пазменная — з 8 гадзін раніцы і да 8 вечара. Так два дні. Потым два выхадныя. Але гэта, як кажуць, у тэорыі.
— Было нямала выпадкаў, калі затрымліваўся на заводзе да ночы. Аднойчы стала пастэрызацыйная ўстаноўка, і я толькі ў 6 раніцы выйшаў з прахадной. Адпачыў некалькі гадзін і зноў заступіў на змену, — успамінае Леанід Курыловіч. — У нас няма такіх паняццяў, як нарміраваны рабочы дзень, агульнапрынятыя выхадныя і святочныя дні. Працуем па звычайным графіку нават 31 снежня і 1 студзеня.
— Леанід Лявонцьевіч — незаменны чалавек на нашым прадпрыемстве. Ён можа хутка і якасна сабраць і настроіць абсталяванне, аператыўна ўхіліць любую няспраўнасць на лініі, — хваліў свайго падначаленага галоўны механік малаказавода Іван Чаплінскі. — Пры неабходнасці замяняе токара — калі той у водпуску ці на бальнічным. І мы стараемся яго не пакрыўдзіць: рэгулярна прэміруем за прафесійнае майстэрства і выкананне дадатковага аб’ёму работ.
Пра тое, што атрымаў рабочую прафесію, а не вывучыўся на радыёінжынера, Леанід Курыловіч ні кроплі не шкадуе. Яму падабаецца працаваць з металам, настройваць механізмы. Задаволены заработнай платай і адносінамі да яго кіраўніцтва завода. За два дзесяцігоддзі ён стаў для мужчыны другім домам.
Алена Шапавалава. Фота аўтара