На усиленный вариант несения службы переведены сотрудники Госавтоинспекции

Безопасность

Выпрабаванне зімой

Сёлетні снежань не стамляецца выпрабоўваць жыхароў Пастаўшчыны. Пасля снегападу, які два тыдні назад ператварыў двары, вуліцы і дарогі раёна ў непраходныя і непраезныя, прыйшлі пацяпленне і галалёд. У такіх няпростых умовах надвор’я ў аўральным рэжыме працуюць не толькі работнікі дарожных і камунальнай арганізацый. На ўзмоцнены варыянт нясення службы пераведзены таксама супрацоўнікі аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС.

З прыходам зімы дзяржаўта­інспектары кругласутачна ажыццяўляюць маніторынг усіх дарог горада і раёна і падказваюць арганізацыям, якія іх абслугоўваюць, дзе трэба падсыпаць або расчысціць, вывезці снег. Пры гэтым не забываюць кантраляваць выкананне правіл дарожнага руху ўсімі яго ўдзель­нікамі. Пільна сочаць за тым, каб вадзіцелі вытрымлівалі бяспечную дыстанцыю з іншымі транспартнымі сродкамі, не парушалі ўстаноўленую скорасць руху і правілы абгону. Асаблівую ўвагу ўдзяляюць пешаходам, веласіпедыстам і кіроўцам гужавых павозак.

— Нямала дарог усё яшчэ замецена снегам, і па іх цяжка перамяшчацца, паколькі дарожныя і камунальная службы не цалкам расчысцілі тратуары і абочыны, — кажа начальнік аддзялення ДАІ РАУС Аляксандр Арэхаў. — Мы гэта разумеем і па магчымасці праяўляем лаяльнасць да пешаходаў: кагосьці папярэджваем, а не выпісваем штраф, камусьці даём святлоадбівальны элемент, каб вадзіцелі аўтамабіляў маглі яго бачыць у цёмны час сутак. Што да веласіпедыстаў, то ва ўмовах снегападу і галалёду рухацца на гэтых транспартных сродках катэгарычна забаронена. У першую чаргу каб пазбегнуць цяжкіх наступстваў для саміх кіроўцаў: яны могуць упасці і трапіць пад колы машын. Таму мы стараемся не дапусціць іх перамяшчэння па дарогах.

На усиленный вариант несения службы переведены сотрудники Госавтоинспекции
У службовым аўтамабілі інспектараў ДПС Аляксандра Мурзёнка і Анатолія Шымковіча заўсёды ёсць тэрмас з чаем, коўдра, буксіровачны трос і прыкурвацель для акумулятара

На жаль, не ўсе пешаходы і веласіпедысты жадаюць выконваць устаноўленыя правілы, ім няпроста прывіць культуру нашэння флікераў. За 11 месяцаў з пачатку года пастаўскімі дзяржаўтаінспектарамі скла­дзена 677 адміністрацыйных пратаколаў у адносінах да пешаходаў і 470 — у адносінах да веласіпедыстаў. Пры гэтым 67 чалавек знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Што да дарожнай абстаноўкі ў цэлым, то за названы перыяд часу ў раёне адбылося 10 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх пацярпелі людзі, 1 чалавек загінуў. Таксама сёлета здзейснена вялікая коль­касць ДТЗ з удзелам пешаходаў. Прычынай большасці з іх стаў няпропуск апошніх ва­дзіцелямі на нерэгулюемых пешаходных пераходах. У сувязі з гэтым супрацоўнікі АДАІ не выпускаюць гэтыя ўчасткі дарог з поля свайго зроку, право­дзяць прафілактычную работу з абедз­вюма катэгорыямі ўдзельнікаў дарожнага руху. Пешаходам тлумачаць, што выходзіць на пераход можна толькі пераканаўшыся ў тым, што вадзіцелі іх бачаць і гатовыя ўступіць дарогу. Ні ў якім выпадку нельга нечакана выскокваць на яе, бо ў зімовых умовах машыны не змогуць экстранна спыніцца. А ад вадзіцеляў патрабуюць, каб пры пад’ездзе да пераходу яны зніжалі скорасць руху, калі паблізу знаходзіцца пешаход.

Актуальнай застаецца і праб­лема кіравання аўтатранс­партам у стане алкагольнага ап’янення. З пачатку года на дарогах Пастаўшчыны выяўлена 87 нецвярозых ва­дзіцеляў. Нягле­дзячы на тое, што законам прадугледжана суровае пакаранне за такое правапарушэнне — штраф да 6 400 рублёў і пазбаўленне ва­дзіцельскіх правоў на тэрмін да 5 гадоў, — п’яных за рулём менш не становіцца. Нярэдка з імі адбываюцца розныя дарожна-транспартныя здарэнні. Таму дзяржаўтаінспектары заклікаюць усіх жыхароў раёна не даваць сваім родным і знаёмым садзіцца за руль пад градусам: адгаворваць, забіраць ключы ад машын. А калі не ўдаецца гэта зрабіць, неадкладна тэлефанаваць у РАУС па нумары 102. Так вы захаваеце жыццё не толькі блізкаму чалавеку, але і іншым людзям.

Вяртаючыся да дарожнай бяспекі ў зімні перыяд, Аляксандр Арэхаў адзначыў, што з наступленнем маразоў і выпадзеннем снегу ўсе аўтамабілі ДАІ дадаткова ўкамплектаваны буксіровачнымі тросамі і прыкурвацелямі для акумулятара, у кожнага экіпажа ДПС пры сабе ёсць тэрмас з гарачым чаем і коўдра на выпадак, калі якая-­небудзь машына засела ці заглохла на дарозе і патрабуецца дапамога. Нярэдка дзяржаўтаінспектары падключаюць тэхніку дарожных арганізацый. Дапамагаюць і вадзіцелі, якія кіруюць транспартнымі сродкамі павышанай праходнасці: яны ніколі не праедуць міма.

— Хоць снегапад і галалёд даставілі ўсім нямала праблем, сур’ёзных дарожна-транспартных здарэнняў з прыходам зімы ў раёне, на шчасце, не адбылося. Вадзіцелі сталі больш акуратныя і ўважлівыя на дарогах. Спадзяюся, так будзе і ў далейшым, — заключыў Аляксандр Віктаравіч.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.