З клопатам пра захаванне жыцця чалавека
На мінулым тыдні на базе малочнага завода прайшло пашыранае выязное пасяджэнне прэзідыума савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. На парадак дня было вынесена некалькі актуальных пытанняў. У рабоце пасяджэння прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург.
Дзяржаўныя органы ўсіх узроўняў праводзяць сістэмную работу па забеспячэнні прамысловай і пажарнай бяспекі ў арганізацыях, фарміраванні здаровых і бяспечных умоў працы, правапаслухмяных паводзін, здаровага ладу жыцця людзей. Садзейнічае гэтаму і Дырэктыва №1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны». Пытанні дысцыпліны заўсёды актуальныя, таму што ад яе залежаць здароўе і жыццё работнікаў, а таксама эканамічныя паказчыкі любога прадпрыемства. Прыкладам таму — малочны завод.
Вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Аляксандра Гайлеўская і старшыня прафкамітэта Наталля Грынько расказалі пра ўзаемадзеянне наймальніка і прафарганізацыі па выкананні Дырэктывы №1. Інжынер па ахове працы Андрэй Дулінец азнаёміў прысутных з мерапрыемствамі, накіраванымі на рэалізацыю дырэктывы, якія праводзяцца на заводзе. Каб выключыць надзвычайныя здарэнні і вытворчы траўматызм, вадзіцелі ва ўстаноўленым парадку праходзяць перадрэйсавыя медасведчанні, а транспартныя сродкі — дзяржтэхагляд. Своечасова праводзіцца атэстацыя рабочых месцаў, вядзецца бесперапынная работа па павышэнні кампетэнтнасці работнікаў і спецыялістаў прадпрыемства, парушальнікі працоўнай дысцыпліны прыцягваюцца да дысцыплінарнай адказнасці.
Члены прэзідыума і ўсе прысутныя адзначылі высокі ўзровень работы малочнага завода па выкананні Дырэктывы №1. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая падзякавала за гэта кіраўніцтву прадпрыемства, а Андрэю Дулінцу ўручыла падзяку аб’яднання.
Станіслаў Чымбург спыніўся на абстаноўцы з вытворчым траўматызмам, якая склалася ў раёне. Асноўнымі яго прычынамі з’яўляюцца безадказныя адносіны грамадзян да асабістай бяспекі, а таксама невыкананне кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый сваіх абавязкаў па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы і недастатковы кантроль за дзейнасцю падначаленых.
Намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч гаварыла пра выкананне патрабаванняў Дэкрэта №18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях». За гады рэалізацыі дэкрэта ў нашым раёне выпрацаваны дакладны алгарытм узаемадзеяння ўсіх дзяржаўных органаў, што маюць дачыненне да абароны правоў непаўналетніх. Адсочваецца кожны пункт: ад выяўлення дзіцяці, якое пражывае ў сацыяльна небяспечных умовах, да работы з абавязанымі асобамі. Для прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва праводзіцца шэраг мерапрыемстваў: рэйды, індывідуальная выхаваўчая работа, праверка ўмоў пражывання дзяцей. Галоўны акцэнт робіцца на перакананні гора-бацькоў у тым, наколькі яны патрэбныя сваім дзецям. Не застаюцца ў баку ад гэтай справы і прафсаюзы.
Пра кадравую палітыку прафарганізацый і арганізацыйных структур галіновых прафсаюзаў далажыла Іна Далецкая. Прафсаюзныя актывісты абмеркавалі таксама правядзенне навагодняй акцыі «Прафсаюзы — дзецям» і арганізацыю святочных мерапрыемстваў.
Па выніках работы пасяджэння прыняты адпаведныя пастановы.
Запомніцца ўдзельнікам пасяджэння і экскурсія па прадпрыемстве, якую правяла начальнік цэха па вытворчасці сыроў Таццяна Радзівіловіч. Яна расказала пра гісторыю завода, асартымент прадукцыі, якую тут вырабляюць. Была магчымасць яе прадэгуставаць.
Анна Анішкевіч