Людмила и Светлана Мелец, Ирина Елизаренко душой болеют за свою малую родину и земляков

Местная власть

Стараюцца для землякоў

Людміла і Святлана Мелец замужам за роднымі братамі, Ірына Елізаранка — родная сястра Людмілы. А звязваюць іх не толькі роднасныя адносіны, але і грамадскія абавязкі. Святлана — старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета, Людміла — загадчыца Лукашоўскага сельскага клуба і адначасова старэйшына вёсак Лукашова, Кавалі, Вештарты, Сакалы, Ажарцы, Курды, Сіманы. Ірына — начальнік цешалаўскага аддзялення ААТ «Навасёлкі-Лучай» і дэпутат Навасёлкаўскага сельскага Савета. Усе тры — мясцовыя, з дзяцінства добра ведаюць жыхароў населеных пунктаў і хто ў чым мае патрэбу. Жанчыны душой хварэюць за сваю малую радзіму і землякоў. Энергічныя, дзелавыя, ініцыятыўныя, нераўнадушныя да праблем іншых, заўсёды выслухаюць, параяць, падтрымаюць.

— Ідучы ў лукашоўскі клуб, па дарозе сустракаю вяскоўцаў, цікаўлюся іх здароўем, настроем, — расказвала Людміла Мелец. — Да тых, хто з-за ўзросту рэдка выбіраецца з дома, загляну сама. Такім людзям, асабліва адзінокім, вельмі дарагія ўвага і клопат.

Людмила и Светлана Мелец, Ирина Елизаренко душой болеют за свою малую родину и земляков
Ірына Елізаранка, Святлана Мелец і Людміла Мелец абмяркоўваюць далейшае добраўпарадкаванне могілак у вёсцы Лукашова

Большасць вяскоўцаў — пенсіянеры, іх здароўе падводзіць і сілы пакідаюць. Таму, калі пасля смерці загадчыцы Лукашоўскага фельчарска-акушэрскага пункта Ірыны Дубовік паўстала пытанне аб закрыцці ФАПа, старэйшына, дэпутат і старшыня сельвыканкама прыклалі максімум намаганняў, каб адстаяць мясцовую ўстанову здароўя. Звярталіся да галоўнага ўрача ЦРБ Уладзіміра Чакавага, збіралі подпісы і змаглі пераканаць кіраўніцтва райбальніцы ў тым, што ФАП у вёсцы патрэбны. Цяпер тры разы на тыдзень сюды прыязджае фельчар Павел Азараў. Усе задаволеныя яго абслугоўваннем.

Вырашыліся і пытанні з курсіраваннем аўтобуса ў райцэнтр, гандлёвым абслугоўваннем. У старэйшыны і дэпутата нала­джана цеснае супрацоўніцтва не толькі з сельвыканкамам, але і з участковым інспектарам, іншымі службамі. Сумесна яны вырашаюць пытанні, якія ўзнікаюць. Адно з нядаўніх — добраўпарадкаванне лукашоўскіх могілак. Максімум намаганняў для гэтага прыклалі Святлана, Людміла і Ірына. Яны абзванілі ўсіх, чые родныя пахаваны ў Лукашове, сабралі грошы на набыццё фарбы для агароджы, арганізавалі лю­дзей на тры суботнікі. Цяпер на месцы вечнага спачыну родных і землякоў парадак. Навялі яго і на закрытым міні-палігоне для цвёрдых бытавых адходаў.

Праблем у вяскоўцаў узнікае нямала. Людміла Мелец, Ірына Елізаранка і Святлана Мелец імкнуцца дапамагчы кожнаму, хто да іх звяртаецца. Напрыклад, па просьбе жыхаркі Лукашова Ванды Анкудовіч пахадайнічалі аб спілоўванні старога аварыйнага дрэва, якое расло на яе зямельным участку.

На жаль, людзі адыходзяць у вечнасць. Родных у такіх выпадках апаноўвае адчай, і яны не ведаюць, з чаго пачаць арганізацыю пахавання. Тады клопаты бяруць на сябе дэпутат, старэйшына і старшыня сельвыканкама.

Ірына Елізаранка як начальнік аддзялення па некалькі разоў на дзень сустракаецца з механізатарамі, жывёлаводамі. Нярэдка з рознымі пытаннямі да яе звяртаюцца ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці: выдзеліць камбайн для абмалоту збожжа, трактар, каб прывезці дровы. Не ўсё пад сілу вырашыць самой, таму часта просіць дапамогі ў дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыя  Шымчыка, які з’яўляецца дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў, у іншых спецыялістаў сельгаспрадпрыемства.

— А хвалюе вяскоўцаў маёй выбарчай акругі, напэўна, тое, што і жыхароў многіх іншых вёсак раёна: асвятленне вуліц, грэйдзіраванне дарог летам і іх расчыстка зімой, гандлёвае абслугоўванне, — гаварыла Ірына Елізаранка. — Таму я заўсёды гатова выслухаць сваіх выбаршчыкаў і разам са старэйшынамі вёсак, старшынёй сельскага Савета, кіраўніцтвам мясцовай гаспадаркі дапамагчы.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.