Ад семечка да бухматай елачкі
Напружаны час цяпер у работнікаў лясгаса: з учарашняга дня пачалася рэалізацыя навагодніх елак. Адны леснікі нарыхтоўваюць іх для ўпрыгажэння нашых дамоў і кватэр, іншыя занятыя зборам шышак на насенне, каб праз гадоў 10 з маленькага семечка вырасла бухматая елка.
— Менавіта са збору шышак пачынаецца нараджэнне навагодняй елкі, — гаварыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў. — Снежань—студзень — аптымальны для гэтага час: плады шчыльна закрытыя, з іх не высыпаецца крылатка. Збор вядзецца выключна ўручную. Калі гэта робім са спілаванага дрэва на лесасеках, тады ўсё проста. А калі трэба дасягнуць верхавіны, то нават лесвіца не дапаможа.
Таму лясгас арандуе аўтавышку ў філіяле «Пастаўскае ДРБУ-132». Ёй прафесійна кіруе вадзіцель Павел Шакола. Не першы год папаўненнем стратэгічнага ляснога фонду займаюцца леснікі Пастаўскага лясніцтва Генадзій Шышла і Іван Курыловіч. Работа, здаецца, не складаная, але без пэўных навыкаў не абысціся. У поўнай амуніцыі ў спецыяльных люльках аўтавышкі леснікі ўпэўнена працуюць на вышыні. Шышкі елкі буйныя, але вядро напаўняецца не так хутка, як хацелася б: Генадзій і Іван дасканала правяраюць шышкі на наяўнасць чарвяточыны.
Лясгасу даведзены план па нарыхтоўцы шышак сасны і елкі — 1 800 і 1 000 кілаграмаў адпаведна. Кожнаму лясніцтву трэба сабраць 200 кілаграмаў шышак сасны і 110 — елкі. Шышкі з усіх лясніцтваў паступаюць у гадавальнік. Там работнікі і майстры яшчэ раз правяраюць сыравіну. Затым адпраўляюць у цэх перапрацоўкі Глыбоцкага вопытнага лясгаса, дзе шышкі сушаць, апрацоўваюць, пасля чаго адвозяць на праверку ў рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр. Кожная партыя атрымлівае адпаведнае пасведчанне, у якім указана класнасць, усходжасць. Насенне захоўваецца ў герметычных пакетах у вялікіх халадзільніках. Адтуль кожны лясгас па заяўцы можа атрымаць неабходную для сяўбы колькасць насення.
У гэтыя дні большасць з нас накіруюцца да месцаў рэалізацыі навагодніх елак. Будзем перабіраць дрэўцы, круціць іх у руках так і гэтак, абыходзіць то з аднаго боку, то з другога… І наўрад ці хто задумаецца, якім жа доўгім быў шлях да нас галоўнага навагодняга атрыбута, колькі сіл затрачана на яго вырошчванне. Гэта добра ведаюць толькі работнікі лясгаса і стараюцца, каб і наступныя пакаленні ў навагоднія дні маглі радаваць лясныя прыгажуні. Міне гадоў 7—10, і з насення тых шышак, што сёння збіраюць Генадзій Шышла і Іван Курыловіч, вырасце новая партыя елак.
Анна Анішкевіч