Як зімуе тэхніка?
Пастаноўка зернеўборачных камбайнаў, глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі на зімовае захоўванне — адзін з гарантаў атрымання ўраджаю ў наступным годзе.
Усяго на сельгаспрадпрыемствах Пастаўшчыны знаходзіцца 14 энерганасычаных і 59 звычайных трактароў, 54 плугі, 8 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў, 44 культыватары, 29 дыскавых барон, сярод іх 11 дыскатараў, 23 сеялкі, 20 раскідвальнікаў мінеральных удабрэнняў і 23 — цвёрдых арганічных, 14 кормаўборачных і 40 — зернеўборачных камбайнаў.
Гаспадарлівы кіраўнік пасля заканчэння асноўных сельскагаспадарчых работ клапоціцца, каб тэхніка была пастаўлена на зімовае захоўванне. Галоўныя інжынеры гаспадарак разам з механікамі, механізатарамі праводзяць яе дасканалы агляд, выяўляюць дэфекты і паломкі, складаюць акты, згодна з якімі набываюць неабходныя запчасткі. Загадзя спланаваныя работы, паступовы рамонт таго ці іншага агрэгата даюць магчымасць правільна размеркаваць фінансы. Практыка паказвае: дагледжаная тэхніка — гарантыя яе эфектыўнай работы ў полі.
Па ўсіх правілах тэхніка захоўваецца ў ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», на СП «Дунілавічы-агра». Розныя агрэгаты і механізмы знаходзяцца на мехдвары, старанна ачышчаны, праведзена іх дэфектоўка, дакладна вызначаны аб’ёмы рамонту і ліміты затрат на яго. У гэтыя дні ў названых гаспадарках рамонт тэхнікі праводзіцца пастаяннымі спецзвеннямі і механізатарамі па загадзя распрацаваных планах-графіках. Многае рамантуюць сваімі сіламі.
На мінулым тыдні разам з галоўным дзяржаўным інспектарам па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання Дзмітрыем Касцянём і галоўным спецыялістам аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Валерыем Мурзам, якія трымаюць на кантролі пастаноўку тэхнікі на захоўванне і яе рамонт ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна, пабывала на СП «Дунілавічы-агра» і ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра».
У Дунілавічах на асобнай пляцоўцы майстэрні, адведзенай пад захоўванне тэхнікі, нібы пад лінейку выстраіліся 6 зернеўборачных камбайнаў, далей за імі — прычапныя агрэгаты. Пляцоўка агароджана, вароты на замку. З нядаўняга часу клопатаў дырэктару гаспадаркі Андрэю Сарапененку дабавілася: да «Дунілавіч-агра» далучылі «Ляхаўшчыну-агра». Папоўніўся і машынна-трактарны парк. За пастаноўку тэхнікі на захоўванне і яе рамонт адказваюць галоўны інжынер Аляксандр Барташэвіч і інжынер дунілавіцкага аддзялення Канстанцін Плескуноў.
У памяшканні майстэрні ля трактара «МТЗ-3022» завіхаліся Дзмітрый Лысёнак і слесар Эдуард Рагіня. Апошні шмат гадоў адпрацаваў на трактарах і камбайнах. Па стане здароўя быў вымушаны пакінуць работу на тэхніцы ў полі. Цяпер слясарыць. Яго багаты вопыт вельмі дарэчы маладым калегам.
У майстэрні ў Шырках ААТ «Сцяг Перамогі-агра» ў той дзень на рамонце знаходзіліся 4 трактары. Віктар Чыпко на МТЗ-1523 доўгі час уздымаў зябліва. Калі зямлю пакрыў снег, механізатара накіравалі на падвоз кармоў на фермы. І тут выйшаў са строю пярэдні мост — прыйшлося стаць на тэрміновы рамонт. Андрэй Борыс у сваім МТЗ-1221 мяняў масла ў рухавіку, Максім Трусаў у МТЗ-82 рамантаваў падвеску. У Шырках за рамонт тэхнікі адказвае Віктар Граблеўскі.
— У красавіку перанёс аперацыю на сэрцы, — расказваў Віктар Браніслававіч. — Доўгі час знаходзіўся на бальнічным. Нядаўна прызначылі інжынерам-механікам. Не маё гэта! Каб вы ведалі, як мяне цягне за руль трактара! Больш за 30 гадоў прысвяціў любімай справе. Але пакуль вымушаны займацца іншым. Механізатараў у нас не хапае, таму рамонт тэхнікі зацягваецца. Праблема і з фінансамі для набыцця запчастак. Што магчыма, рамантуем самі. Калі якую дэталь трэба вытачыць, звяртаемся да токараў малочнага завода. Цяпер думаецца, што да вясны яшчэ далёка, а на самай справе дні бягуць.
Дзмітрый Касцень і Валерый Мурза разам з дырэктарам ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Ігарам Маслоўскім прайшлі па тэрыторыі мехмайстэрні і ўказалі на тое, што некаторая сельгастэхніка проста пакінута ў тым выглядзе, у якім яна адпрацавала сезон, многія агрэгаты знаходзяцца не на месцы захоўвання, не прыведзены ў парадак вузлы. Інжынернай службе гаспадаркі вызначаны канкрэтныя тэрміны для ўхілення недахопаў.
Час сапраўды прыспешвае. Аднак, па словах спецыялістаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, не на ўсіх сельгаспрадпрыемствах, а таксама на льнозаводзе гэта разумеюць і з рамонтам тэхнікі марудзяць.
Анна Анішкевіч