Далі старт навагоднім святам
У мінулую нядзелю на плошчы райцэнтра было шумна, весела і шматлюдна. Мноства дзяўчынак і хлопчыкаў прыйшлі сюды са сваімі роднымі, каб разам з Дзедам Марозам і Снягуркай запаліць святочныя агні на прыгажуні ёлцы. Арганізавалі свята работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна.
З вялікім нецярпеннем, па словах апытаных бацькоў, чакала дзятва Пастаўшчыны гэтай традыцыйнай падзеі — адкрыцця галоўнай ёлкі на плошчы. Таму што менавіта навагоднія святы асацыіруюцца ў малых з казкай, у якой ёсць месца цудам і здзяйсненню жаданняў.
Разам з казачнымі персанажамі, гарэзлівым сімвалам адыходзячага года — Тыграм і будучага — Трусом дзеці дружна пляскалі ў далоні, гучна тупалі, скакалі, танцавалі і звонка клікалі добрага чараўніка Дзеда Мароза і яго ўнучку Снягурку. Прыемна было назіраць, як актыўна вадзілі карагоды і дарослыя, фатаграфавалі сваіх дзетак і шчыра ўсміхаліся. А пасля таго як усе дружна вымавілі чароўную замову, агні загарэліся не толькі на ёлцы, але і ў вачах усіх прысутных.
Больше фото в группах в ОК и ВК
Арганізатары мерапрыемства паклапаціліся і пра святочны кірмаш. І усе ахвотныя панеслі з сабой дадому не толькі добры настрой, але і сувеніры, вырабленыя ўдзельнікамі клуба «Майстры» і рамеснікамі Дома рамёстваў «Стары млын».
Крысціна Рубель