Бабушки, дедушки и родители передали Владу и Карине Левицким веру, традиции и ценности

Важное Общество

Ад продкаў вера перадалася

Маладую пару з хлопчыкам гадоў трох за руку і немаўляткам у калясцы добра ведаюць вернікі не толькі пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага, але і камайскага касцёла. Гэта Карына і Улад Лявіцкія. Кожную нядзелю яны бываюць на святой Імшы, а ў перыяд Адвэнту мама са старэйшым сынам прысутнічаюць і на раратняй, што адбываецца на досвітку ў гонар Дзевы Марыі. Ад каго перанялі глыбокую веру, якія сямейныя каштоўнасці шануюць і як рыхтуюцца да Божага Нараджэння, даведалася я, напрасіўшыся да іх у госці.

Пераступаю парог кватэры, якую Лявіцкія здымаюць у мікрараёне 5 гарадка, і трапляю ў атмасферу ўтульнасці і цеплыні. Трохмесячнаму Даніку добра на руках у таты, трохгадовы Дзіма бавіцца з цацкамі, а з маім прыходам не губляецца і ахвотна адказвае на пытанні. Карына ўспамінае знаёмства з будучым мужам.

— Я з малодшай сястрой Марыйкай пасля заканчэння 11 класаў паехала на летніх канікулах у лагер пры камайскім касцёле, — расказвала Карына. — Улад дапамагаў ва ўсім ксяндзу-пробашчу Яцэку, быў міністрантам і лектарам. У Камаях і сустрэліся нашы позіркі.

Бабушки, дедушки и родители передали Владу и Карине Левицким веру, традиции и ценности

Затым Карына паступіла ў Маладзечанскі дзяржаўны медыцынскі каледж, Улада прызвалі на тэрміновую службу ў арміі. Выпрабаванне адлегласцю і часам толькі ўзмацніла пачуцці. Мінулі гады вучобы, дзяўчына па размеркаванні трапіла ў Мядзел. За ёй пасля вяселля паехаў і муж.

Шлюб Лявіцкія бралі ў камайскім касцёле, хаця Карыне вельмі дарагі лучайскі: там яна прыступала да першай Камуніі, была актывісткай розных мерапрыемстваў, якія ладзіў ксёндз Мікалай Ліпскі. А Уладу хацелася павянчацца ў сваім храме ў Камаях.

— Мы вельмі радыя, што нарадзіліся і выхоўваліся ў сем’ях практыкуючых католікаў, — гаварылі Улад і Карына. — Бабулі, дзядулі, бацькі і перадалі нам веру, традыцыі, каштоўнасці. Вялікую ролю ў фарміраванні светапогляду адыгралі святары. Прыкладам адданасці Богу і служэння людзям з’яўляецца ксёндз Яцэк Хутман. Мы і цяпер часам заязджаем да яго пагутарыць, пачуць слушную параду, пачэрпнуць яго мудрасці. Дапамагаюць ва ўсім нашы бацькі. Нядаўна мы купілі ў райцэнтры дом, абуладкоўваем яго на свой густ. Адпачываць любім у Камаях і на дачы ў Крутках.

 Божае Нараджэнне для нас – адна з найбольш любімых урачыстасцей. Падрыхтоўка да яе найперш духоўная.

 Бацькі Карыны Яніна і Рычард Радзюшы выхавалі сына і трох дачушак. Усе з дзяцінства прывучаны клапаціцца адно пра аднаго, быць цярплівымі, добрымі, спагаднымі. Максім жыве ў Мінску. Яго жонка — арганістка ў адным са сталічных касцёлаў, які яны наведваюць разам з двума сыночкамі, там удзельнічаюць у моладзевых сустрэчах. Аня з мужам і сынам — парафіяне касцёла святога апостала Андрэя ў Полацку. Малодшая, Марыйка, была сведкай на вяселлі Карыны і Улада і выйшла замуж за сябра жаніха — Андрэя Букатава з Муляраў. Яны таксама належаць да парафіі Езуса Міласэрнага. Вось так размножылася вера.

— Храм займае вельмі важнае месца ў нашым жыцці, а Божае Нараджэнне — адна з найбольш любімых урачыстасцей, — расказвалі Карына і Улад. — Мы не марнуем час на бег па магазінах у пошуках незвычайных падарункаў, на тое, каб накрыць багаты стол. У нас падрыхтоўка найперш духоўная. І ў нас, і ў нашых родных яна пачынаецца з першай нядзелі Адвэнту: прымаем удзел у раратніх Імшах, рэкалекцыях, разважаем над Святым Пісаннем, абавязкова ідзём на споведзь. Са з’яўленнем дзетак Вігілійную вячэру ла­дзім у сваёй сям’і. Кульмінацыя радаснага чакання — святая Імша апоўначы — пастэрка. Сэрца ў гэты момант напаўняецца шчымлівым пачуццём, бо нарадзіўся наш Збаўца — Езус. Гэта цуд, які Бог здзейсніў для ўсяго чалавецтва, у тым ліку і для нас. Назаўтра дзень пачынаем таксама з Імшы. Затым адпраўляемся ў госці: спачатку да адных бацькоў, затым — да другіх, сустракаемся з роднымі, абменьваемся падарункамі, успамінаем мінулыя святы. І гэта найвялікшае шчасце.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.