Зорны час, або Як здымкі «Пастаўскага краю» ў космасе пабывалі
Новы год — час неверагодных гісторый. Сёння раскажам вам адну такую — пра тое, як фатаграфіі нашай газеты шматразова абляцелі планету і, спусціўшыся з нябёсаў на Зямлю, трапілі ў музей пастаўскай СШ №4.
Пачатак неймавернаму падарожжу быў пакладзены 28 студзеня 2022 года. У гэты дзень у СШ №4 адбылася вялікая ўрачыстасць, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння генерал-маёра Вячаслава Франтова. З 1960 па 1970 год ён быў камандзірам 32-й ракетнай дывізіі, якая дыслацыравалася на тэрыторыі Пастаўскага раёна.
Тая ўрачыстасць сабрала шмат гасцей, сярод якіх было нямала ветэранаў-ракетчыкаў. Ушанаваць памяць пра былога камандзіра прыехаў і старшыня Маскоўскай арганізацыі ветэранаў 32-й ракетнай дывізіі палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Котаў. Ён служыў у Паставах з 1980 па 1986 год і займаў пасаду намесніка камандзіра дывізіі, быў начальнікам тылу. Пасля быў накіраваны выкладаць у маскоўскую ваенную акадэмію Ракетных войскаў стратэгічнага назначэння імя Ф. Дзяржынскага (цяпер носіць імя Пятра Вялікага). Там 85-гадовы ветэран-ракетчык шчыруе навуковым супрацоўнікам і сёння.
Уладзімір Аляксандравіч — заснавальнік вялікага музея РВСН у Падмаскоўі. У яго экспазіцыі ёсць рэчы з Міжнароднай касмічнай станцыі — іх перадавалі касманаўты Раскосмаса. У. Котаў з імі раззнаёміўся і папрасіў падтрымаць яго ідэю адпраўляць у космас фатаграфіі ветэранаў-ракетчыкаў. Атрымаўшы згоду, асабіста адвёз здымкі ў «зорны гарадок» — Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. Частка фатаграфій была зроблена мной падчас урачыстасці ў СШ №4 з нагоды юбілею Вячаслава Франтова. На іншых — ветэраны-ракетчыкі з Ветрына (там раней стаяў полк 32-й ракетнай дывізіі) і з Масквы.
Фатаграфіі былі перададзены Герою Расійскай Федэрацыі лётчыку-касманаўту Алегу Арцем’еву. Дзіўнае супадзенне: яго бацькі і сястра жывуць у Віцебску, а ў сям’і ёсць традыцыя збірацца на Сёмуху ў Друі на Браслаўшчыне, дзе пахаваны продкі.
На Міжнародную касмічную станцыю здымкі адправіліся 18 сакавіка 2022 года. Праз 10 дзён іх разам з іншымі рэчамі перадалі з МКС на Зямлю. Адна з фатаграфій ужо даслана з Масквы ў Паставы, і яе можна ўбачыць у экспазіцыі музея СШ №4, прысвечанай 32-й ракетнай дывізіі. Другі здымак Уладзімір Котаў плануе прывезці ў школу асабіста ў пачатку 2023-га. На кожным з фота, дарэчы, ёсць штамп, які сведчыць, што яны пабывалі на борце Міжнароднай касмічнай станцыі.
…СШ №4 знаходзіцца ў Паставах у суседстве з вуліцай Касманаўтаў. Цяпер з пакарыцелямі космасу яе звязваюць абсалютна рэальныя сувязі, дзякуючы якім раённая газета можа пахваліцца новай узятай вышынёй.
Іна Сняжкова