Мае ў жыцці апору
Сёння ў Пастаўскім раёне пражывае 308 чалавек, якія маюць інваліднасць І группы. У кожнага з іх свой няпросты лёс, свая ўпартая барацьба з хваробай і шэрымі думкамі. Адны супрацьстаяць ім усё жыццё — з самага нараджэння, іншыя толькі-толькі прызвычайваюцца да новага, вельмі няпростага, ладу жыцця. Але, калі б ні прыйшлі ў жыццё выпрабаванні, няма нічога даражэйшага за падтрымку родных, сяброў і, што немалаважна, дзяржавы. Гэта пацвердзіла і гераіня артыкула.
74-гадовая Лілія Яўстаф’еўна Шубелька жыве ў вёсцы Савічы. Жыве адна: мама-доўгажыхарка памерла летась, муж пайшоў з жыцця яшчэ ў 2010-м. Але цішыня ў доме пануе не заўсёды: амаль кожны тыдзень да Ліліі Яўстаф’еўны наведваецца з Мінска сын, частыя госці тут — найлепшая сяброўка Алена Аліхвер, сацыяльныя работнікі. Сама ж яна самастойна не выйдзе нават да аўталаўкі, якая спыняецца ля дома. Хаця яшчэ пару гадоў назад жанчына ўпэўнена стаяла на нагах.
Прычына, з якой яна не выходзіць з дома, — хвароба Паркінсона. Устанавіць, што менавіта яна перашкаджае нармальна рухацца, удалося не адразу. З сынам Лілія Яўстаф’еўна аб’ездзіла шэраг клінік у сталіцы, зрабіла шматлікія абследаванні. І толькі загадчыца неўралагічнага аддзялення бараўлянскай бальніцы вынесла сумны вердыкт, з якім прыйшлося змірыцца.
Сёлета ў жніўні жанчына атрымала групу інваліднасці. З таго часу яшчэ больш пасябравала з Пастаўскім ТЦСАН. Вялікім падарункам у жыцці лічыць знаёмства са спецыялістам па сацыяльнай рабоце Аксанай Дробышавай, якая расказала пра паслугу па суправаджэнні інвалідаў І групы. За кароткі час Аксана паспрыяла таму, каб Ліліі Яўстаф’еўне бясплатна выдалі новыя сучасныя хадункі — яны добрыя памочнікі ў перасоўванні па хаце. Менавіта Аксана, якую суразмоўца называе дачушкай, нядаўна суправаджала яе на сацыяльным таксі ў бальніцу, калі давялося прайсці курс кропельніц. Задаволеная і сацыяльнай работніцай Аленай Жытнюк, якая жыве ў Манькавічах. Тая і дома прыбярэ, і вады, дроў нанясе, і лекаў прывязе — вялікая падтрымка! А якая палёгка на душы ад простай, шчырай размовы!
Пагаварыць ім заўжды ёсць пра што. У Ліліі Яўстаф’еўны багаты жыццёвы і працоўны вопыт. На пенсію пайшла з пасады загадчыцы аддзялення паштовай сувязі, на заслужаным адпачынку яшчэ паўтара года адпрацавала на зерняскладзе. Мясцовыя людзі ведаюць яе як працавітую, сумленную, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй жанчыну.
— Я і вёску люблю, і падарожнічаць ніколі не была супраць, — расказвала суразмоўца. — Гадоў сем назад с сынам паехалі на машыне да маёй роднай сястры — яна ўрач і жыве ў Балгарыі. Праехалі Польшчу, Славакію, Венгрыю, Румынію… Так было цікава!
Цяпер, калі даводзіцца пастаянна знаходзіцца дома, Лілія Яўстаф’еўна стараецца не сумаваць. Дапамагаюць у гэтым ноўтбук, тэлевізар, крыжаванкі і… 4 каты, якія вельмі любяць сваёю гаспадыню.
Яшчэ адно захапленне жанчыны — вершы. Піша яна іх даўно, прычым як па-руску, так і па-беларуску. З-за сціпласці не лічыць свае творы вартымі ўвагі. Аднак ужо пасля прачытання літаральна некалькіх вершаў, разумею, што дарэмна. Прыгожа, шчыра і ўзнёсла апісваюцца ў іх поры года, стан душы, у якой нямала месца суму.
— У мяне ёсць вялікі верш «Маміны рукі», — кажа мне жанчына. — Але я вам яго не прачытаю — расплачуся. Некалі чытала яго маме, ёй спадабалася. Увогуле люблю пісаць вершы-прысвячэнні.
Стрымаць сваіх эмоцый Лілія Яўстаф’еўна не можа: змахвае слязу.
— Я заўжды ўсё прымаю вельмі блізка да сэрца. Тэлеперадача можа крануць мяне да слёз, а пра ўласныя перажыванні зусім маўчу, — гаварыла напрыканцы размовы. — Стараюся быць моцнай духам, трэнірую сябе і фізічна: стаўлю за мэту штодня прайсці па доме тысячу крокаў. Гэта вельмі цяжка. Бывае, упаду, і досыць балюча ўпаду. Але мае рацыю мая родная сястра, якая сцвярджае: важна жыць, не шкадуючы сябе, а падбадзёрваючы, думаць, што зіма хутка скончыцца і настане цёплая вясна. Спадзяюся на лякарствы, што прытарможваюць развіццё хваробы. І, безумоўна, на людзей побач, якія сваёй спагадай і дабрынёй дапамагаюць мне верыць у заўтрашні дзень.
Іна Сняжкова. Фота аўтара