Як ніколі вялікая каманда будзе абараняць гонар Пастаўскага раёна на трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
Сёлета ў яе ўвайшлі ажно 36 навучэнцаў. Пуцёўкі «на вобласць» яны атрымалі па выніках удзелу ў раённым этапе гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва. Сёлета ён праходзіў у перыяд асенніх канікулаў у школьнікаў, з 31 кастрычніка па 4 лістапада. Свае веды па 15 прадметах дэманстравалі 355 навучэнцаў з усіх школ раёна, гімназіі і Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, якія заваявалі 149 дыпломаў: 35 — І ступені, 50 — ІІ ступені і 64 — ІІІ ступені. Найбольшая колькасць узнагарод, 37, на рахунку школьнікаў СШ №1. 29 дыпломаў у прадстаўнікоў гімназіі, 23 — Варапаеўскай СШ, 22 — СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, 17 — СШ №4.
Як заўсёды, многія школьнікі ўдзельнічалі ў алімпіядзе адразу па некалькіх прадметах і сталі прызёрамі. Так, 15 чалавек адзначаны па дзвюх вучэбных дысцыплінах, 5 — па трох. А 9-класніца СШ №1 Маргарыта Януш атрымала дыпломы ажно па чатырох прадметах: фізіцы, інфарматыцы, матэматыцы і астраноміі.
Стопрацэнтны вынік прадэманстравалі навучэнцы Ліліі Брэскай з Варапаеўскай СШ (7 алімпіяднікаў — 7 дыпломаў), Святланы Трубач з СШ №1 (4 алімпіяднікі — 4 дыпломы), яе калегі па школе Галіны Іжмайловіч, Алены Мачанскай з СШ №2 і Алены Пяткевіч з гімназіі (у іх па трое алімпіяднікаў і столькі ж дыпломаў). У Аляксандра Гарнага з Варапаеўскай сярэдняй школы прызёрамі сталі 9 з 10 навучэнцаў, у Жанны Вайцяховіч з СШ №1 — 7 з 9-ці.
На абласны этап алімпіяды запрошаны школьнікі з 9 агульнаадукацыйных устаноў, якія будуць змагацца з равеснікамі з іншых раёнаў Віцебшчыны па 9 прадметах. Самая вялікая дружына, з 14 чалавек, адправіцца на спаборніцтвы з Варапаеўскай СШ. Пяцёра навучэнцаў прадставяць СШ №1, чацвёра — гімназію, па трое — СШ №2 і №3, па двое — СШ №4, Камайскую і Лынтупскую сярэднія школы, адзін — Дунілавіцкую СШ.
Больш за ўсё ў зборнай камандзе знатакоў геаграфіі. Іх 11 чалавек, сярод якіх 8 навучэнцаў Аляксандра Гарнага. 6 школьнікаў пазмагаюцца за ўзнагароды па беларускай мове і літаратуры, 5 — па гісторыі, 4 — па працоўным навучанні, 3 — па грамадазнаўстве, столькі ж па фізічнай культуры і здароўі, 2 — па фізіцы, па 1 — па хіміі і рускай мове і літаратуры.
На працягу шэрага гадоў па колькасці і якасці дыпломаў, заваяваных на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, нашы школьнікі становяцца першымі ці займаюць 2-е месца сярод сельскіх раёнаў Віцебшчыны. Сёлета яны маюць выдатныя шанцы не толькі абысці сваіх даўніх сапернікаў з Глыбоцкага раёна, але і пасапернічаць з камандамі з Полацка, Наваполацка і Оршы.
Алена Шапавалава