Нясе святло дабрыні і асветы
1 снежня Пастаўскай дзіцячай бібліятэцы імя У. Дубоўкі спаўняецца 70 гадоў. Дзякуючы ёй не адно пакаленне дапытлівых пастаўчан стала больш дасведчаным, разумным, мудрым.
1 снежня 1952 года ў Паставах была адкрыта дзіцячая бібліятэка. Размяшчалася яна ў цэнтры горада і мела плошчу ўсяго 35 метраў квадратных. На момант адкрыцця кніжны фонд складаў 1 180 экзэмпляраў. Першай загадчыцай установы была Дар’я Маскалёва. У розныя гады яе ўзначальвалі Галіна Казлоўская, Валянціна Белазёрава, Лідзія Азарава, Валянціна Карней, Людміла Касцень, Зоя Петух, Наталля Ляшковіч, Алена Танана. Усе яны ўклалі шмат працы, ініцыятывы і старання ў станаўленне і развіццё ўстановы, культурнае жыццё Пастаўшчыны.
Паступова работа бібліятэкі набывае большы размах, расце колькасць наведвальнікаў, павялічваецца яе кніжны фонд (на канец 50-х гг. ХХ ст ён складаў ужо 14 027 экзэмпляраў). Таму з’явілася неабходнасць у расшырэнні плошчы ўстановы. У 1963-м пад бібліятэку выдзелілі звычайны жылы дом па вуліцы 17 Верасня. Гэта, безумоўна, паспрыяла паляпшэнню работы бібліятэкі. З’явілася магчымасць часцей праводзіць бібліятэчныя мерапрыемствы: гутаркі, агляды кніг, гучныя чытанні. Актывізавалася работа гурткоў — пераплётнага і бібліятэчнага. На абанеменце для малодшых школьнікаў стварылі ілюстраваны каталог, аформілі куток юнага чытача. Пры бібліятэцы былі арганізаваны перасоўкі для чытачоў, якія пражывалі на аддаленых вуліцах, а ў школе-інтэрнаце быў адкрыты пункт выдачы кніг.
У 1966 годзе дзіцячую бібліятэку разам з Домам піянераў перанеслі ў былы будынак СШ №2 па вуліцы Ленінскай. Тут яна размяшчалася да 1993 года, пакуль пад установу не адвялі другі паверх былога Дома афіцэраў, дзе знаходзіцца і сёння. Значнай падзеяй стала прысваенне ёй у 2000 годзе імя нашага знакамітага земляка, перакладчыка, пісьменніка і крытыка Уладзіміра Дубоўкі.
Сёння дзіцячую бібліятэку ўзначальвае Марына Іванова, гэту пасаду займае з 2007 года. Марына Мікалаеўна ўмела кіруе нашым невялікім калектывам, а ўсіх нас аб’ядноўвае любоў да кнігі і дзяцей. Дзякуючы выдатным арганізатарскім здольнасцям і прафесіяналізму загадчыцы ўстанова культуры не раз станавілася пераможцай не толькі раённых, але і рэспубліканскіх конкурсаў.
Пастаўская дзіцячая бібліятэка імя У. Дубоўкі падтрымлівае трывалыя стасункі з рознымі культурна-асветніцкімі ўстановамі, сумесна з імі ладзіць музычна-тэатралізаваныя імпрэзы, прымае ўдзел у мерапрыемствах Міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». У 2020 годзе супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі матэрыял да аднаго з раздзелаў віртуальнага праекта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «На хвалі часу, у плыні жыцця», прысвечанага 120-годдзю з дня нараджэння У. Дубоўкі, які і сёння даступны шырокаму колу чытачоў сталічнай установы культуры.
Каб дзецям было тут цікава, супрацоўнікі бібліятэкі ў сваёй рабоце кіруюцца сучаснымі падыходамі, прыдумваюць розныя яе формы: творчыя лабараторыі, экспрэс-падарожжы, літаратурна-гульнёвыя праграмы, музыкальныя хвілінкі, квэсты, тэматычныя выставы, праекты і іншыя. Праходзіць тут і тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі: на працягу сямі дзён бібліятэку наведваюць вучні ўсіх школ горада, каб паўдзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах, прысвечаных кнізе. Больш за дваццаць гадоў пры бібліятэцы дзейнічае гісторыка-краязнаўчы клуб «Нашчадкі». Галоўныя мэты клуба: зацікавіць дзяцей гістарычным мінулым нашага краю; прывіць любоў да роднай мовы, літаратуры, народнай спадчыны; дапамагчы ўсвядоміць сябе прадстаўнікамі беларускага народа і беларускай нацыянальнай культуры.
Вялікую ўвагу мы, бібліятэкары, надаём рабоце ў віртуальнай прасторы. На сайце цэнтральнай раённай бібліятэкі створана дзіцячая старонка з нашымі аглядамі, віктарынамі, віртуальнымі падарожжамі, паэтычнымі вернісажамі, завочнымі экскурсіямі і г. д. Створаны і акаўнт у Instagram, у якім рэкламуем кнігі, мерапрыемствы, размяшчаем буклукі, відэаролікі, віртуальныя выставы і розную карысную інфармацыю.
На парозе юбілею нашай установы хочацца шчыра падзякаваць усім былым яе работнікам, хто аддаў дзіцячай бібліятэцы часцінку сваёй душы. Гэта Валянціна Чарэнка, Святлана Дунец, Алеся Касцень, Галіна Юхно, Ганна Скіпская, Святлана Радомская, Аксана Лявонава. На жаль, адышлі ў вечнасць Валянціна Андрэйчык, Ларыса Лявонава, Тамара Махніс.
Ва ўсе часы роля бібліятэкі нязменная — несці людзям святло дабрыні і асветы. Няхай так будзе і надалей. З юбілеем, цяперашнія і былыя работнікі бібліятэкі! З юбілеем, нашы чытачы!
Людміла Сяменас, бібліятэкар раённай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі
Фота даслала Людмила Сяменас