Участковый инспектор Владимир Ахранович: «Почти каждого хорошо знаю. А люди знают меня

Безопасность

Прыкіпеў душой да ўчастка

Работа ўчастковага грунтуецца перш за ўсё на зносінах з людзьмі, уменні наладзіць кантакт з прадстаўнікамі розных сацыяльных груп і слаёў насельніцтва. Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі можна назваць школай міліцэйскіх кадраў. Менавіта тут пачынае службу большасць тых, хто прыходзіць у РАУС. У ААПП яны вучацца камунікаваць, разумеюць сутнасць і спецыфіку работы ў міліцыі. А загартаваўшыся, пераводзяцца ў іншыя падраздзяленні райаддзела. Таму склад участковых інспектараў часта абнаўляецца. Сёння ў калектыве пераважае моладзь са стажам службы да 5 гадоў. Але ёсць і «ветэраны», якія служаць у гэтым падраздзяленні больш за 10 гадоў. Да ліку такіх адносіцца Уладзімір Ахрановіч.

У раённы аддзел унутраных спраў ён прыйшоў у 2009-м пасля заканчэння Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Аператыўна-вышуковая дзейнасць». На той момант вакансіі ў вышуку не аказалася, і маладому аператыўніку прапанавалі альбо пераразмеркавацца ў іншы раён вобласці, альбо пасаду ўчастковага ў аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі.

Участковый инспектор Владимир Ахранович: «Почти каждого хорошо знаю. А люди знают меня

— Я выбраў апошняе, бо не хацеў ехаць далёка ад дома (сам нарадзіўся і вырас у Палхунах), — расказваў Уладзімір Ахрановіч. — Амаль год абслугоўваў Белькаўскі сельсавет. А затым вызвалілася месца ў Камайскім, і мяне перавялі на гэты ўчастак, дзе працую і сёння. З 2016 года з’яўляюся старшым участковым інспектарам міліцыі. Замацаваная за мной тэрыторыя вялікая. На ёй знаходзіцца каля паўсотні населеных пунктаў, у якіх пражывае прыблізна 1,5 тысячы чалавек. Амаль кожнага добра ведаю. А людзі ў сваю чаргу ведаюць мяне і нумар майго тэлефона, у выпадку неабходнасці звязваюцца.

Заўсёды на сувязі Уладзімір і са старшынёй Камайскага сельскага Савета. Сумесна арганізуюць аглядавыя камісіі, саветы аховы правапарадку і прафілактыкі, іншыя мерапрыемствы. Цесна ўзаемадзейнічае з кіраўніцтвам мясцовай гаспадаркі, участковай бальніцы, адміністрацыяй і педагогамі школы, у якой, дарэчы, сам вучыўся. Дзякуючы гэтаму, а таксама новаму «Джылі», які атрымаў 3 гады назад і цяпер можа хутка дабрацца ў любую вёску на сваім участку, мае добрыя паказчыкі ў службе. На Камайшчыне паступова зніжаецца коль­касць злачынстваў, у тым ліку крадзяжоў, сёлета не дапушчана катаванняў і пагроз забойствам, на прафілактычным уліку па лініі сямейнага насілля знаходзіцца ўсяго адзін чалавек.

— Уладзімір выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Яму не трэба нагадваць, што і ў які тэрмін неабходна зрабіць, калі і які матэрыял здаць. На такіх, як ён, трымаецца наша служба, — хваліў падначаленага Дзмітрый Салагуб.

У. Ахрановічу не раз прапаноўвалі перайсці на іншую пасаду, некаторы час ён выконваў абавязкі намесніка начальніка ААПП, але пакідаць свой участак інспектар не захацеў. Прызнаўся, што не любіць нешта мяняць у жыцці. Таксама за час службы ні разу не пашкадаваў, што пайшоў праца­ваць у міліцыю.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.