Тяжелая, но любимая. Так говорит о своей работе повар поставского кафе «Папараць-кветка» Людмила Михневич

Общество

Цяжкая, але любімая. Так гаворыць пра сваю работу повар пастаўскага кафэ «Папараць-кветка» Людміла Міхневіч.

У прафесіі яна 22 гады. Працавала ў школьных сталовых у райцэнтры, а ўжо чацвёрты год, як у кафэ «Папараць-кветка» Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства. Школьную сталовую яна пакінула з-за каласальнай нагрузкі, адпрацаваўшы ў ёй яшчэ 4 гады пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Але і цяпер былыя вучні, сустракаючы Людмілу Іосіфаўну ў горадзе, успамінаюць: «Як жа смачна вы нас кармілі!»

У першую хвалю каранавіруса перахварэла ўся яе сям’я. Каварная інфекцыя загубіла маці. На мяжы жыцця і смерці была і сама. Выратавалі ў рэанімацыйным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы. Родныя настойвалі, каб пасля такой хваробы шанавала сябе і пакінула работу.

Тяжелая, но любимая. Так говорит о своей работе повар поставского кафе «Папараць-кветка» Людмила Михневич

— Я і сама разумела, што бу­дзе цяжка, але не змагла ўсе­дзець дома, — расказвала Людміла. — Поварам я тут адна, таму работы хапае. Асабліва часта заказваюць памінальныя сталы. Іншы раз здараецца так, што днём накрываем памінальны стол, а вечарам у нас адзначаюць якую-небудзь урачыстасць. Тады даводзіцца гатаваць асабліва шмат. Дапамагаюць кухонная рабочая Галіна Мельнічэнка і буфетчыца Ірына Мядзюха. Працуем дружна. Стараемся, каб стравы былі такімі ж якаснымі і смачнымі, як дома. Прыемна, калі людзі падыходзяць і дзякуюць.

На повара і пекара Людміла вывучылася невыпадкова. Гатаваць ёй падабалася з дзяцінства. Пякла хлеб, тарты, выдатна гатавала розныя стравы маці. Дзяўчына многае пераняла ад яе. А праз гады, стаўшы сапраўдным прафесіяналам поварскай справы, перадала сакрэты майстэрства сваёй дачцэ Алёне і сыну Аляксею.

— Люблю гатаваць і на рабоце, і дома. Гэта — маё! — іскрацца радасцю вочы повара. — Імкнуся, каб меню было разнастайным. У ім — салаты, рулеты, каўбаскі, дранікі, адбіўныя, катлеты, галубцы, рыба ў цесце, бліны, чабурэкі і іншае. Гатую не толькі для кафэ, але і для магазінаў «Родны кут», «ProЗапас», а таксама для старадворскага і курапольскага. Кожную вясну сею шмат зяленіва. З ім жа страва выглядае намнога прыгажэй. А калі пакладу яшчэ і ягадкі брусніц, парэчак або журавін — яна так і зайграе!

Начальнік аддзела грамадскага харчавання Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства Крысціна Красоўская расказала, што стравы з «Папараць-кветкі» карыстаюцца вялікім попытам. У такія напружаныя перыяды сельгас­работ, як сяўба, нарыхтоўка кармоў, уборка ўраджаю, тут гатуюць абеды для працаўнікоў ільнозавода, ААТ «Хацілы-­агра» і «Ярэва-агра». Работнікі кафэ таксама выязджаюць абслугоўваць жыхароў аддаленых вёсак раёна: гатуюць на заказ, бяруць з сабой посуд і накрываюць вяскоўцам стол. Паслуга карыстаецца попытам. Людміла Міхневіч мае 5-ы разрад, яна — вельмі адказны чалавек і вопытны повар, гатуе смачныя, сапраўды як дамашнія, стравы. Да яе ніколі не было прэтэнзій, а вось словы падзякі гучаць часта.

А ад знаёмых я чула, што Людміла — вялікая аптымістка, з ёй лёгка і цікава дома, на рабоце, у кампаніі. Пытаюся ў жанчыны, ці згодная яна з такім меркаваннем, і чую ў адказ: «Я і сапраўды аптымістка. Мой дэвіз — не ныць, а рухацца наперад».

Хіба ён не варты пераймання?

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.