«Сіла Закона» для старшакласнікаў
1 снежня ў Беларусі стартуе ІІ рэспубліканскі прававы турнір, да ўдзелу ў якім запрашаюцца навучэнцы 9—11 класаў.
Інтэлектуальнае спаборніцтва, прысвечанае Канстытуцыі краіны, пройдзе ў тры туры ў фармаце анлайн-тэсціравання на Дзіцячым прававым сайце (выключэннем з’яўляецца толькі першы тур, дзе дапускаюцца іншыя формы правядзення). Раённы тур адбудзецца з 1 па 6 снежня ва ўстановах адукацыі. Яго пераможцы (па адным у кожнай катэгорыі) 14 снежня прымуць удзел у абласным туры. Ну а імёны пераможцаў турніру назавуць 21 снежня па выніках рэспубліканскага фіналу.
Падрыхтоўку і правядзенне рэспубліканскага прававога турніру «Сіла Закона» забяспечвае Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі сумесна з Міністэрствам адукацыі і Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. Ён рэалізуецца з мэтай прававой асветы старшакласнікаў і накіраваны на павышэнне іх інтарэсу да заканадаўства, прапаганду прававой культуры, паглыбленне ведаў і ўменняў, якія датычаць правоў і абавязкаў непаўналетніх, актывізацыю грамадскай дзейнасці па прававой асвеце, развіццё навыкаў выкарыстання сучасных тэхналогій.
З падрабязнай інфармацыяй аб правядзенні турніру можна азнаёміцца на Дзіцячым прававым сайце.
Алена Шапавалава