Поставский лесхоз получил новый трактор в подарок за победу в республиканском смотре-конкурсе

Общество

У падарунак – трактар

Любоў да тэхнікі Сяргею Яновічу перадалася з генамі: выдатным механізатарам быў бацька. Таму не дзіўна, што сын пайшоў яго дарогай. У Лынтупскае лясніцтва ўладкаваўся даўно. У яго абавязкі ўваходзіць падрыхтоўка глебы пад пасадку маладога лесу, узворванне поля пад натуральны засеў, стварэнне супрацьпажарных мінералізаваных палос, дастаўка саджанцаў да месца пасадкі лесу і дроў спажыўцам, навагодніх дрэўцаў да месца рэалізацыі. Да нядаўняга часу ўсе гэтыя работы Сяргей выконваў на трактары, якому больш за 30 гадоў.

У лістападзе кіраўніцтва даверыла Яновічу новы МТЗ. Пастаўскі лясгас атрымаў яго ў падарунак за перамогу ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў». Дыплом пераможцы калектыву ўручаны на абласных «Дажынках-2022».

Поставский лесхоз получил новый трактор в подарок за победу в республиканском смотре-конкурсе
Сяргей Яновіч ля новага трактара

— Конкурс праводзіць Дзяржаўны камітэт па маёмасці сумесна з трыма міністэрствамі краіны: сельскай гаспадаркі і харчавання, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, лясной гаспадаркі, — расказваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў. — Ён садзейнічае павышэнню зацікаўленасці як сельскагаспадарчых, так і лесагаспадарчых арганізацый у больш эфектыўным выкарыстанні і ахове зямель, павышэнні ўрадлівасці глебы, культуры земляробства, добраўпарадкаванні машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм, павелічэнні вытворчасці сельскагаспадарчай і лясной прадукцыі. Лясы — крыніца атрымання паперы і драўніны, промыслу для паляўнічых, а таксама месца для адпачынку і турызму. Асноўная задача работнікаў лясной гаспадаркі — лесаразвядзенне і ахова лесу. З ёй наш калектыў спраўляецца паспяхова. Доказам таму — перамога ў прэстыжным конкурсе.

Пастаўскі лясгас штогод выконвае вялікі аб’ём работ па ачыстцы прыдарожных палос, добраўпарадкаванні месцаў адпачынку, уборцы несанкцыянаваных звалак. У сваім гадавальніку вырошчвае неабходную колькасць пасадачнага матэрыялу для аднаўлення лясоў і на продаж іншым арганізацыям і насельніцтву. Сёлета малады лес пасаджаны на плошчы больш чым 120 гектараў. Догляд лясных культур праведзены на 1 500 га. Работнікі лясгаса ра­зам з валанцёрамі ўдзельнічаюць у агульнарэспубліканскіх акцыях «Тыдзень лесу», «Чысты лес» і іншых.

Актыўна развіваецца на тэрыторыі лясгаса турызм. Цудоўныя ўмовы для яго створаны ў маляўнічых мясцінах у Гуце і Прудніках. Тут размешчаны паляўнічыя комплексы, дзе можна адпачыць на прыродзе ад гарадской мітусні, папаляваць і парыбачыць, папарыцца ў лазні. Акрамя таго, комплексы выдатна падыходзяць для святкавання вяселляў, юбілеяў.

Прыцягваюць увагу адміні­страцыйны будынак ляс­га­са і яго тэрыторыя. Многія па­с­таў­чане і госці горада лю­бяць пасядзець тут у альтанцы, пафатаграфавацца ля малых архітэктурных форм. Добраўпарадкаванне зон адпачынку прадаўжаецца.

— Прыемна, што старанне лясгасаўцаў заўважана на ўзроўні міністэрстваў і мы сталі пераможцамі вышэйназванага конкурсу, — гаварыў Аляксандр Іванькоў. — Дыплом папоўніў скарбонку ўзнагарод лясгаса, а трактар вельмі дарэчы Лынтупскаму лясніцтву і стаў заахвочваннем старання Сяргея Яновіча.

Анна Анішкевіч
Фота даслаў Аляксандр Іванькоў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.