І пастаўчане сярод найлепшых аграрыяў краіны
На ўрачыстасці, прысвечанай Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, што адбылася ў пятніцу ў Палацы Незалежнасці з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, прысутнічала і дэлегацыя нашага раёна. У яе склад увайшлі найлепшыя механізатары Пастаўшчыны на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Чэпікам.
Механізатарскі стаж Андрэя Валка — амаль 30 гадоў. Усе яны аддадзены ААТ «Хацілы-агра». Ён першым у раёне асвоіў прэспадборшчык па зарулоньванні сенажу ў стрэйч-плёнку. На перыяд жніва працуе на камбайне. Яго прозвішча заўсёды значыцца сярод камбайнераў-тысячнікаў раёна. Некалькі гадоў таму быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны». У Хацілах працуюць і два сыны Андрэя — Мікалай і Ілья. Абодва такія ж працавітыя, як і бацька. Мікалай на жніве быў заняты на адвозцы збожжа ад камбайнаў, Ільі сёлета даверылі новы прэс-падборшчык «Ф’южн». Аператарам на дарошчванні цялят працуе жонка Таццяна. Дачка Ульяна — вучаніца 10 класа. На летніх канікулах працавала ў складзе студатрада на зерняскладзе.
— Вельмі прыемна, што меў магчымасць паўдзельнічаць у такім мерапрыемстве, — гаварыў Андрэй Казіміравіч. — Словамі не перадаць уражанні ад Палаца Незалежнасці, дзе праходзіла сустрэча з Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам, ад Палаца Рэспублікі, дзе для нас быў зладжаны канцэрт. Цёпла гаварыў пра вяскоўцаў Аляксандр Лукашэнка. Яго выступленне было грунтоўным.
Прозвішча механізатара Аляксандра Яначкіна з ААТ «Кураполле-агра» добра вядомае нашым чытачам. Ён — нязменны ўдзельнік раённых і абласных дажынак. На прэс-падборшчыку кожны год зарулоньвае па 6 000 тон сенажу ў стрэйч-плёнку, выходзіць пераможцам абласнога спаборніцтва. Па выніках работы за 2020 год быў лаўрэатам звання «Чалавек года Віцебшчыны». У гаспадарцы працуюць і сыны Валерый і Дзяніс: старэйшы — механізатарам, малодшы закончыў Лужаснянскі дзяржаўны аграрны каледж, паступіў на завочнае аддзяленне ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт.
— На дажынках рознага ўзроўню мне даводзілася бываць неаднойчы, — гаварыў Аляксандр Віктаравіч. — А на такім маштабным свяце прысутнічаў упершыню. Хоць Прэзідэнт у сваім выступленні акцэнтаваў увагу на некаторых ключавых пытаннях, гэта была не вытворчая нарада, а сапраўдная ўрачыстасць. Многія моманты свята застануцца ў памяці на доўгія гады.
Юрый Гваздоў з ААТ «Навасёлкі-Лучай» — сын вядомага на Пастаўшчыне бульбавода Парфірыя Гваздова. Таму не дзіўна, што даўно прыкіпеў душой да зямлі. Старэйшыя і малодшыя Гваздовы ўжываюцца пад адным дахам, што цяпер сустрэнеш рэдка. Юрый вельмі добра разбіраецца ў любой тэхніцы, а працуе ў асноўным на «Ягуары». Падчас корманарыхтоўкі здрабняе зялёную масу. Наступае сезон кукурузы — убірае каралеву палёў. Па нарыхтаваных тонах з года ў год займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. Як і вышэйпералічаныя яго калегі, з’яўляецца лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны».
— У Палацы Незалежнасці сабраліся найлепшыя работнікі сельскай гаспадаркі краіны, — дзяліўся Юрый Парфір’евіч. — Прыемна было быць сярод іх, пахадзіць па палацы, палюбавацца інтэр’ерам, пафатаграфавацца. А выступленне Прэзідэнта — праграма для далейшага ўдасканалення аграпрамысловага комплексу краіны.
Генадзій Анкудовіч у ААТ «Навасёлкі-Лучай» пераехаў два гады таму. І адразу паказаў, што здольны працаваць шчыра, дабівацца высокіх вынікаў. На сёлетнім жніве на камбайне з 10-метровай жняяркай намалаціў амаль 1 500 тон збожжа. На КВК убіраў кукурузу. Цяпер вывозіць арганіку. На абласных дажынках у Віцебску яго праца адзначана Падзячным пісьмом аблвыканкама.
— Удзячны кіраўніцтву гаспадаркі, што вылучылі маю кандыдатуру для ўдзелу ў важным мерапрыемстве, але я не аматар рознага роду паездак, — прызнаўся Генадзій Пятровіч. — Адна дарога да Віцебска, Мінска для мяне — выпрабаванне. Здаецца, лепш бы гэты час на трактары працаваў. Свята, вядома ж, спадабалася высокім узроўнем падрыхтоўкі, добразычлівай атмасферай. У захапленні ад інтэр’ера абодвух палацаў, ад выступленняў Прэзідэнта і артыстаў.
Анна Анішкевіч
Фота даслаў Юрый Гваздоў