Па няведанні або па наіўнасці?
Пра выпадкі махлярства з банкаўскімі карткамі Лена ведала: чытала ў газеце, бачыла сюжэты па тэлебачанні. Спагадала ашуканым людзям, але не магла зразумець, як яны маглі паддацца на хітрасць жулікаў. Пакуль сама не трапіла ў іх сеткі.
У абедзенны перапынак ёй пазванілі ў «Вайберы». Жанчына, звярнуўшыся па імені і імені па бацьку, назвалася кансультантам Беларусбанка і паведаміла, што з яе, Ленінага, рахунку хтосьці спрабаваў перавесці 300 рублёў, але банк заблакіраваў гэту аперацыю. Лена не на жарт устрывожылася: яна нікому пераводу не рабіла. «Вось мы і праводзім праверку гэтага факта, — працягвала «кансультант». — Да расследавання падключылі супрацоўніка дзяржбяспекі. Зараз ён будзе размаўляць з вамі».
«Супрацоўнік» агарошыў Лену яшчэ больш: «Акрамя таго, у ВТБ-Банку з вашага асабовага рахунку адкрыта крэдытная лінія на суму 5 900 рублёў (у пацвярджэнне сваіх слоў нават пераслаў ёй у «Вайберы» запоўнены банкаўскі бланк). У нас ёсць падазрэнні: хтосьці старонні спрабуе развесці вас на грошы, і мы расследуем гэты факт. Каб не перашкодзіць расследаванню, нікому не паведамляйце пра нашу размову». І стаў засыпаць Лену пытаннямі: ці брала яна крэдыты раней? ці губляла калі картку? ці паведамляла каму яе нумар? і г.д. Адным словам, выцягваў з яе як мага больш інфармацыі. А потым заявіў: «Для таго каб ануляваць гэты крэдыт, вам тэрмінова трэба прыехаць у ВТБ-Банк і самой аформіць тут крэдыт на спажывецкія патрэбы на такую ж суму. Толькі ў такім выпадку той аўтаматычна пагасіцца, а банк за дапамогу ў расследаванні злачынства выплаціць вам узнагароджанне ў размеры адной тысячы беларускіх рублёў».
— На мяне нібыта нейкае насланнё найшло, — расказвала Лена. — Мужчына, напэўна, валодаў гіпнозам або быў добрым псіхолагам. Ён гутарыў са мной, можа, з гадзіну, і я паверыла яму. Выклікала таксі, прыехала з вёскі ў Паставы, прыйшла па ўказаным ім адрасе ў аддзяленне ВТБ-Банка (да гэтага нават не ведала, што яно размяшчаецца ў будынку ўнівермага). Толькі пасля таго, як напісала там заяву на выдачу мне крэдыту на суму 5 900 рублёў і пакінула яе на разгляд, наступіла прасвятленне. «Што я раблю?!» — жахнулася сама з сябе і кінулася па параду ў аддзяленне Беларусбанка. Вельмі ўдзячная кіраўніку аперацыйнай службы Вользе Урбель. Выслухаўшы мяне, яна зразумела, што я трапіла на кручок махляроў, і адразу ж заблакіравала абедзве мае карткі Беларусбанка. Пасля чаго ад майго імя пазваніла ў ВТБ-Банк і папрасіла прыпыніць крэдытную лінію. Толькі дзякуючы Вользе Валер’еўне я не трапіла ў фінансавую кабалу. Не перадаць, які цяжар зваліўся з маіх плеч…
Гісторыя будзе няпоўнай, калі не расказаць, з якіх нумароў і колькі разоў (не менш за 8) званілі Лене прадстаўнікі «праваахоўных органаў». Першы званок у «Вайберы» паступіў з беларускага нумара, усе наступныя — з расійскіх. Нават пасля таго як па падказцы Вольгі Урбель Лена іх заблакіравала, «супрацоўнік дзяржбяспекі» званіў ёй з іншых нумароў. Ён нейкім чынам даведаўся, што яна прыпыніла афармленне крэдыту, дапытваўся прычыну гэтага, пераконваў, што яна робіць вялікую памылку і не дапамагае ў расследаванні грашовай махінацыі, імкнуўся вывесці яе на размову з «псіхолагам». Якая нахабная настойлівасць!
Лена дазволіла расказаць пра сваё здарэнне на старонках газеты, каб папярэдзіць іншых. А я звярнулася па каментарый да Вольгі Урбель. І вось што пачула ад спецыяліста:
— Бачылі б вы, у якім стане прыйшла да нас Лена: заплаканая, рукі дрыжаць, голас перарываецца! А тут яшчэ — званок за званком ад махляроў на яе тэлефон, пакуль яго не адключыла. Канечне, стрэс! Добра, што яна не паведаміла ім даныя сваіх банкаўскіх карт… Але колькі нерваў згарэла ў жанчыны…
Вольга Валер’еўна расказала, што кіберзлодзеі дзейнічаюць па розных, добра адпрацаваных імі, схемах махлярства. Адна з іх такая: назваўшыся банкаўскім работнікам, звоняць у месенджары, называюць імя чалавека, пытаюцца, ці не губляў ён карткі, паведамляюць, што з яе невядомая асоба спрабавала перавесці грошы, але банк заблакіраваў аперацыю. Збіўшы з панталыку такой навіной, умела аперыруючы фінансавымі тэрмінамі, нібыта для расследавання здарэння, стараюцца выпытаць канфідэнцыяльную інфармацыю: пашпартныя даныя, поўныя рэквізіты карткі, коды, якія прыходзяць на тэлефонны нумар, лагін і пароль для ўваходу ў інтэрнэт- і мабільны банкі. І калі гэта ўдаецца, ажыццяўляюць махлярскія аперацыі. У сеткі жулікаў трапілі і пацярпелі фінансава некаторыя жыхары Пастаўшчыны. Шэраг спроб прадухілены дзякуючы пільнасці кліентаў і аператыўнасці банкаўскіх работнікаў.
Найчасцей махлярства здзяйсняецца ў выніку няўважлівасці і залішняй даверлівасці карыстальнікаў банкаўскіх картак. Між тым засцерагчыся ад такога злачынства можна. Для гэтага трэба, па-першае, не ўступаць у перагаворы, а перазваніць у банк самому і ўдакладніць, ці сапраўды адтуль непакоілі. Па-другое, ні ў якім разе не паведамляць таму, хто пазваніў, свае персанальныя даныя: яны ёсць у банку, і ніхто адтуль не стане іх выпытваць у вас.
…Якраз у той дзень, калі я рыхтавала гэты матэрыял да друку, мне пазваніла спачатку адна знаёмая, пазней — іншая. Падзялілася з імі, над якой тэмай працую. Абедзве расказалі, што літаральна тыдзень таму і ім званілі з «банкаў». Адна адразу ж націснула на кнопку «адбой». Другая паабяцала паведаміць тэлефонны нумар абанента ў праваахоўныя органы, і ён імгненна адключыўся!
А вамі яшчэ не зацікавіліся «банкаўскія работнікі»?
Фаіна Касаткіна