Асенні бум у музеі
15 верасня кіраўнікі міністэрстваў культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне музейнай справы. Гэтым дакументам устаноўлены адзіны бясплатны дзень для наведвання музеяў краіны навучэнцамі, якія атрымліваюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Для іх кожную апошнюю сераду месяца павінна быць арганізавана бясплатнае экскурсійнае суправаджэнне па пастаянных і часовых экспазіцыях.
Пагадненне заключана з мэтай патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, фарміравання ў іх павагі да гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа, умацавання маральных якасцей падрастаючага пакалення. Да яго рэалізацыі актыўна прыступілі ўстановы адукацыі Пастаўшчыны.
— Ужо ў першы бясплатны дзень для наведвання, 26 кастрычніка, мы прынялі 142 дзяцей рознага ўзросту, дляякіх правялі ажно 10 экскурсій! — расказвала дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Друсь.— Тады ў нас пабывалі навучэнцы СШ №№ 1, 2, 3, Лынтупскай ЯССШ, а таксама дзіцячага сада №4. На лістапад ужо запісаліся названыя гарадскія школы, Навадруцкая БШ, гімназія і дзетсад №2, на снежань — СШ №4. Акрамя таго, цяпер, падчас канікулаў, школьнікі штодня ідуць да нас платна. У асноўным гэта 1—5-я класы.
Для пачаткоўцаў і выхаванцаў дзіцячых садоў музейныя работнікі праводзяць экскурсіі па раздзеле «Прырода роднага краю», а таксама «Канстанцін Тызенгаўз — вучоны-арнітолаг». Пра Канстанціна і Антонія Тызенгаўзаў, Санкт-Пецярбургскую афіцэрскую кавалерыйскую школу ў Паставах і Першую сусветную вайну на Пастаўшчыне расказваюць 5—8-класнікам. Навучэнцаў 9—11-х класаў у першую чаргу цікавіць тэма Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. У Год гістарычнай памяці яна надзвычай актуальная. Па словах Валянціны Друсь, настаўнікі самі запрашаюць музейшчыкаў у школы, каб выступілі перад вучнямі. Туды, як правіла, ходзіць навуковы супрацоўнік Аксана Журава, якая займаецца ўвекавечаннем памяці пра загінулых абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. Расказ пра падзеі 80-гадовай даўнасці яна суправаджае слайд-прэзентацыяй.
Алена Шапавалава