Быць адказнымі за сваё здароўе і жыццё
З мэтай стварэння бяспечных умоў працы для работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, выключэння няшчасных выпадкаў на вытворчасці ў адпаведнасці з распараджэннем старшыні райвыканкама ў раёне з 7 па 13 лістапада другі раз за год праводзіцца «Тыдзень нулявога траўматызму» .
Прадстаўнікі мабільнай групы райвыканкама наведваюць прадпрыемствы і арганізацыі, праводзяць прафілактычныя гутаркі, напамінаюць пра выкананне правіл бяспекі. У сераду такая сустрэча прайшла ў Пастаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Інжынер па ахове працы ТЦСАН Сяргей Квяткоўскі ў чарговы раз папярэдзіў сацыяльных работнікаў пра неабходнасць выканання правіл па ахове працы, папрасіў не выконваць тую работу, якую яны не абавязаны рабіць, расказаў пра выпадкі вытворчага траўматызму на Віцебшчыне з сацработнікамі, якія парушылі правілы бяспекі.
Галоўны інспектар сектара нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Лысёнак напомніў правілы карыстання пячным ацяпленнем, папрасіў сацыяльных работнікаў звяртаць увагу на пячное абсталяванне, стан дымаходаў у дамах і кватэрах сваіх падапечных.
За 10 месяцаў у раёне адбылося 39 пажараў, на іх загінулі 7 чалавек.
Асноўныя прычыны пажараў — неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання. 90% загінулых — ахвяры курэння ў ложку ў стане алкагольнага ап’янення. Работнік РАНС расказаў, як устанавіць на мабільны тэлефон дадатак «МЧС Беларуси: Помощь рядом», з дапамогай якога можна самастойна справіцца з рознымі надзвычайнымі сітуацыямі. Звярнуў увагу на тое, што ў дамах пажылых грамадзян павінен быць устаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік.
Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Жанна Цуканава давяла да ведама прысутных статыстыку траўматызму на вытворчасці.
За 10 месяцаў 5 чалавек атрымалі цяжкія траўмы на вытворчасці і 11 – траўмы, якія не адносяцца да цяжкіх.
Гэта значна больш, чым было ў мінулым годзе. Нягледзячы на тое, што на прадпрыемствах і ў арганізацыях праводзіцца вялікая работа па прафілактыцы вытворчага траўматызму, ствараюцца бяспечныя ўмовы працы, работнікі забяспечваюцца сродкамі індывідуальнай аховы, пазбегнуць траўматызму не ўдаецца. І вельмі часта няшчасныя выпадкі здараюцца з-за халатнасці саміх работнікаў, парушэння імі элементарных правіл аховы працы. Людзі абавязаны быць адказнымі як за ўласнае здароўе, так і за здароўе калег.
Анна Анішкевіч