Насколько охотно школьники идут в педклассы, чему их там учат?

Образование

У педагогі я пайду. Няхай мяне навучаць!

19 кастрычніка Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь зацвердзіла новы пералік педагагічных спецыяльнасцей, на якія можна паступіць без уступных іспытаў. Такіх спецыяльнасцей 23. На іх без здачы экзаменаў залічваюцца пераможцы абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, выпускнікі агульнаадукацыйных устаноў, якія закончылі іх з залатым або сярэбраным медалём, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія маюць дыплом з адзнакай, а таксама профільных класаў (груп) педагагічнай накіраванасці з адзнакамі ў дакуменце аб адукацыі не ніжэйшымі за 8 балаў па профільных прадметах і не ніжэйшымі за 7 балаў — па ўсіх астатніх.

 Прыняты дакумент прымусіў мяне пацікавіцца тым, наколькі ахвотна школьнікі ідуць у педкласы, чаму іх там вучаць і ці многія ў выніку становяцца педагогамі.

У нашым раёне педагагічны клас быў створаны ў 2017 го­дзе ў Пастаўскай гімназіі, якая заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве па пытаннях арганізацыі прафарыентацыйнай работы з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М. Танка. Яго вучнямі станавіліся ўсе гімназісты, якія пераходзілі з 9 у 10 клас. Зразумела, яны марылі пра самыя розныя прафесіі, і, закончыўшы гімназію, у пед­універсітэт паступалі адзінкі. І тады кіраўніцтва ўстановы задумалася над тым, каб рыхтаваць па профілі толькі тых старшакласнікаў, якія сапраўды хочуць звязаць сваё жыццё з педагогікай. У выніку два гады назад педклас рэарганізавалі ў педгрупу. Зараз з двух 10 класаў у ёй навучаюцца 30 чалавек, у 11 класе — 13.

Насколько охотно школьники идут в педклассы, чему их там учат?

— На працягу вучэбнага года я і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце актыўна займаемся «асветніцтвам» у 8—9 класах, — апавядала педагог-псіхолаг гімназіі, кіраўнік педагагічнай групы Наталія Болгава. — Расказваем вучням пра прафесію педагога і педгрупу, што дае навучанне ў ёй і што чакае выпускнікоў у далейшым. Гэту ж інфармацыю даводзім да бацькоў на сходах. Калі раней дзеці ішлі ў педклас, бо лічылі яго запасным варыянтам у выпадку правалу на ЦТ, то зараз яны разумеюць сур’ёзнасць выбару: паступіўшы без экзаменаў у ВНУ, трэба будзе адпрацаваць па размеркаванні 5 гадоў. Многіх гэта палохае. Тыя ж, хто вырашыў стаць педагогам, пішуць заяву з просьбай залічыць іх у групу.

Чым адрозніваецца навучанне ў ёй? У першую чаргу наведваннем два разы на тыдзень факультатыву «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Ён складаецца з двух модуляў. Для 10 класа гэта «У свеце педагагічнай прафесіі» і «Я ў педагагічнай прафесіі», для 11-га — «Чалавек, які пазнае (практычная псіхалогія пазнання)» і «Пазнай самога сябе». Першы блок — змястоўны: ён раскрывае тэорыю кожнага пытання. Другі — тэхналагічны: утрымлівае формы і метады работы з дзецьмі, арганізацыі заняткаў і г.д. Пасля кожнай тэмы праводзіцца рэфлексія, якая паказвае, наколькі навучэнцы засвоілі матэрыял.

Абавязковым элементам факультатыўных заняткаў з’яўляюцца педагагічныя пробы. 10-класнікі наведваюць урокі настаўнікаў і робяць іх пісьмовы аналіз. 11-класнікі, акрамя таго, самі рыхтуюць і даюць урокі ў малодшых класах, а затым аналізуюць іх. Штогод напярэдадні Дня настаўніка навучэнцаў педгрупы пасвячаюць у педагогі. На ўрачыстасці ім выдаюць невялікія кніжачкі накшталт студэнцкай залікоўкі, у якіх настаўнікі ставяць адзнакі за праведзеныя маладымі «калегамі» ўрокі. Таксама з 10 класа ўсе навучэнцы педгрупы збіраюць матэрыялы для сваіх партфоліа. У іх змяшчаюць планы ўрокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў, якія правялі, даследчыя работы, праекты, атрыманыя ўзнагароды, расказваюць пра сябе і чаму вырашылі выбраць прафесію педагога. У канцы 11 класа праходзіць абарона партфоліа. І гэта далёка не ўсё, чым займаюцца будучыя педагогі.

— Мы ўдзельнічаем ва ўсіх міжнародных канферэнцыях, прысвечаных рабоце педкласаў, якія праводзіць БДПУ імя М. Танка, — працягвала Наталія Болгава. — На іх прыяз­джаюць навучэнцы і настаўнікі з розных куткоў Беларусі і Расіі, дзеляцца вопытам, праводзяць майстар-класы і навучальныя пляцоўкі. Летась прымалі ­ўдзел у кейс-марафоне: здымалі відэаролік, у якім прайгравалі канфліктную сітуацыю і шляхі яе вырашэння. Таксама ездзілі на абласны форум навучэнцаў педкласаў. Збіраемся на яго і сёлета. Акрамя таго, у нас рэгулярна праходзяць сустрэчы з ветэранамі педагагічнай працы раёна і маладымі педагогамі, выпускнікамі педкласа, якія паступілі ў педуніверсітэт. Яны расказваюць пра плюсы прафесіі, каб дзеці не баяліся яе выбіраць. Хочам запрасіць да сябе ў госці і выкладчыкаў БДПУ, правесці з імі круглы стол.

Пра тое, што выбраная стратэгія работы з навучэнцамі правільная, сведчаць вынікі праведзенага Н. Болгавай апытання. З 13 11-класнікаў, якія навучаюцца ў педгрупе, 6 збіраюцца паступаць у педагагічныя ВНУ. Колькі такіх сярод 10-класнікаў, пакуль сказаць цяжка. Але несумненна, іх будзе не менш, бо там таксама шмат матываваных дзяцей. На гэтых асенніх канікулах яны працавалі выхавальнікамі ў гімназічным лагеры для першакласнікаў: кожны дзень рыхтавалі для іх нейкае мерапрыемства. Першыя педпробы ўсім вельмі спадабаліся.

Мне давялося пагутарыць з некаторымі навучэнцамі педгрупы. Вось што яны расказалі пра свой выбар.

Насколько охотно школьники идут в педклассы, чему их там учат?Ягор Шамовіч, 10 «Б» клас

Пра прафесію педагога я пачаў задумвацца ў 9 класе, калі даведаўся пра педгрупу. Вырашыў пайсці ў яе, таму што падабаецца працаваць з дзецьмі. У мяне ёсць малодшы брат, якому часта дапамагаю з урокамі. Але не выконваю за яго дамашнія заданні, а тлумачу матэрыял, каб ён сам змог усё зрабіць. Вельмі цікава было праводзіць мерапрыемствы ў лагеры. У будучым хачу стаць выкладчыкам англійскай мовы. Лічу, што трэба выбіраць такую прафесію, якая будзе прыносіць не толькі грошы, але і задавальненне.

Насколько охотно школьники идут в педклассы, чему их там учат?Анастасія Канчаніна, 11 клас

Амаль усе мае родныя — педагогі: настаўнікі альбо выхавальнікі. Яны, а таксама выкладчыкі спачатку ў школе, а цяпер у гімназіі былі і застаюцца для мяне прыкладам. Гляджу на іх і захапляюся: гэта ж трэба так растлумачыць складаную тэму, каб усе ўсё зразумелі, зацікавіць вучняў сваім прадметам! Педагогам я вырашыла стаць два гады назад, таму што вельмі люблю дзяцей і хачу з імі працаваць. Збіраюся паступаць у мінскі або гродзенскі педагагічны ўніверсітэт на факультэт дэфекталогіі.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.