Главный ветврач Андрей Мастяница награждён Почетной грамотой Минсельхоза и продовольствия РБ

Важное Общество

На варце аховы здароўя жывёлы і людзей

Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці калектыў райветстанцыі сабраўся ў кабінеце галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Андрэя Масцяніцы. Сюды завітаў першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі. Ён павіншаваў прысутных з прафесійным святам і ўручыў Андрэю Масцяніцу Ганаровую грамату Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

— Гэтай узнагароды Андрэй Іванавіч удастоены за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у забеспячэнне ветэрынарнай бяспекі ў раёне, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, — гаварыў Генадзій Лютынскі. — Пад яго кіраўніцтвам ваш калектыў выконвае вялікі аб’ём работ па правядзенні лячэбна-прафілактычных і супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне пагалоўя жывёлы, атрыманне бяспечных у ветэрынарна-санітарных адносінах прадуктаў. Дзякуючы вашаму і асабіста Андрэя Іванавіча старанню ў раёне не рэгіструюцца вострыя інфекцыйныя і інвазійныя захворванні жывёлы.

Главный ветврач Андрей Мастяница награждён Почетной грамотой Минсельхоза и продовольствия РБ

Андрэй Масцяніца — малады па ўзросце спецыяліст, але з важкім багажом тэарэтычных ведаў, немалым вопытам работы. Ён закончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Яго працоўная біяграфія пачалася ў 2005 го­дзе з пасады ўрача-гінеколага райплемстанцыі. Праз 10 гадоў стаў намеснікам галоўнага вет­урача раёна, а ў жніўні 2017-га — галоўным ветурачом.

— Любыя дасягненні калектыву — заслуга не аднаго чалавека, — гаварыў Андрэй Масцяніца. — І ў гэтай узнагародзе ёсць уклад кожнага работніка. А работа ветэрынара няпростая. Мы стаім на варце здароўя як жывёлы, так і людзей. Галоўная наша задача — утрымліваць стабільную эпізаатычную абстаноўку ў раёне, папярэджваць распаўсюджанне хвароб жывёлы, некаторыя з якіх небяспечныя для чалавека. Ажыццяўляючы комплекс мерапрыемстваў па лячэнні і прафілактыцы гэтых захворванняў, мы тым самым ахоўваем здароўе людзей.

Адной з папулярных паслуг, якія аказвае раённая ветэрынарная станцыя, з’яўляецца прыём і лячэнне дамашніх жывёл на месцы і з выездам. Кансультацыю па гэтым пытанні можна атрымаць па тэлефоне 2-39-85.

У зоне абслугоўвання і кантролю раённай ветэрынарнай станцыі знаходзяцца ўсе жывёлагадоўчыя фермы гаспадарак раёна, на якіх утрымліваецца 35 428 галоў буйной рагатай жывёлы. З іх больш за 12 000 — дойны статак. Спецыялісты райветстанцыі пастаянна аказваюць кваліфікаваную кансультатыўную і практычную дапамогу ветспецыялістам сельгаспрадпрыемстваў па пытаннях прафілактыкі захворванняў і лячэння жывёлы. На фермах і асабістых падвор’ях грамадзян яны праводзяць дыягнастычныя даследаванні, супрацьэпізаатычныя мерапрыемствы. Толькі сёлета на лейкоз, туберкулёз, бруцэлёз абследавана 848 галоў буйной рагатай жывёлы з уласных падвор’яў грамадзян. Супраць шаленства правакцынавана амаль 2 400 сабак і 1 120 катоў.

Ветслужба ажыццяўляе кантроль за прадпрыемствамі, якія выпускаюць прадукцыю жывёльнага паходжання, а таксама за яе рэалізацыяй на харчовых рынках раёна. У полі зроку ветслужбы — перапрацоўчыя прадпрыемствы, афармленне дакументаў на падкантрольныя грузы, што перамяшчаюцца як па тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі.

Галоўны ветурач раёна зацвярджае планы ветэрынарных мерапрыемстваў і кантралюе іх выкананне, распрацоўвае меры па павышэнні ветэрынарна-санітарнай культуры жывёлагадоўлі, падбірае і расстаўляе кадры, шмат робіць па арганізацыі работы па ўзнаўленні грамадскага статка, займаецца сучаснай дыягностыкай інфекцыйных захворванняў жывёлы, прымяняе эфектыўныя метады яе лячэння. Андрэй Масцяніца валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, якія садзейнічаюць выкананню пастаўленых перад ім задач. Дзякуючы адданасці абранай справе, прафесіяналізму, кампетэнтнасці, мэтанакіраванасці Андрэй Іванавіч карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у калег і падначаленых, яго цэніць кіраўніцтва раёна і вобласці.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.